Вы тут

Паліцыя апублікавала непраўдзівыя доказы ў справе журналіста Галунова

@bazabazon

Расійская паліцыя апублікавала непраўдзівыя доказы ў справе журналіста "Медузы" Івана Галунова, якому выставілі абвінавачанне ў замаху на збыт наркотыкаў у буйным памеры. Здымкі, нібыта зробленыя ў кватэры журналіста, насамрэч атрымалі ў наркалабараторыі пад Масквой, дзе злавілі на месцы дваіх падазраваных, піша Тэлеграм-канал Baza.

Паводле канала, паліцыя знайшла прадметы для вытворчасці мефедрона: каністры, колбы, кантэйнеры, пакеты для фасоўкі, супрацьгазы, маскі, шалі. І менавіта здымкі з гэтымі прадметамі МУС выдала за кватэру Галунова.

У расійскім МУС растлумачылі, што супрацоўнік ведамства памыліўся пры публікацыі фота з кватэры журналіста. Паліцыя пачала службовую праверку ў дачыненні да супрацоўнікаў прэс-службы.

8 чэрвеня Нікулінскі суд Масквы адправіў Івана Галунова пад хатні арышт да 7 жніўня. Сам журналіст, а таксама яго калегі з "Медузы" дапушчаюць, што справа сфабрыкаваная праз яго прафесійную дзейнасць. Галуноў працуе як расследвальнік і з'яўляецца аўтарам матэрыялаў, дзе выкрываецца карупцыя.