Палата прадстаўнікоў не пойдзе на каранцін праз тое, што ў Савіных COVID-19

Андрэй Савіных / Еўрарадыё​
Андрэй Савіных / Еўрарадыё​

Дэпутат Андрэй Савіных заразіўся каранавірусам, але гэта не прывядзе да змен у рабоце Палаты прадстаўнікоў. Парламент не пойдзе на каранцін, а суседзі дэпутата па Авальнай зале не збіраюцца на самаізаляцыю, хоць у іх і ёсць такое права.

— Вядома, і работнікі, і дэпутаты могуць адправіцца на самаізаляцыю на два тыдні, як гэта прадугледжана правіламі. Гэта працоўны момант, — каментуе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў газеце "Белорусы и рынок". — Ён мог захварэць на што заўгодна, а з пункту гледжання санэпідстанцыі, калі б была нейкая небяспека, то ўжо б уводзіліся абмежаванні. Пакуль іх няма — усё нармальна. У штатным рэжыме працуем.

У нас існуе масачны рэжым, штодзённыя замеры тэмпературы на ўваходзе ў будынак. Усюды расстаўленыя ў публічных месцах санітайзеры.

Хто ёсць кантактамі першага ўзроўню, у Палаце прадстаўнікоў не адсочвалі — гэтым таксама павінна займацца санэпідэмстанцыя. Прэс-служба ўдакладняе, што апошнім часам дэпутаты ў Авальнай зале "захоўваюць дыстанцыю". Раней за двухмеснай "партай" сядзела два чалавекі, а цяпер усе па адным у шахматным парадку.

Як парламент будзе працаваць без такога важнага дэпутата, як Андрэй Савіных, які ўзначальвае камісію па міжнародных справах?

— Рэч у тым, што ёсць такое паняцце — кворум галасавання. Гэта значыць, па кожным пытанні ёсць неабходны мінімум удзельнікаў для прыняцця рашэння. Гэты кворум па ардынарных законапраектах з'яўляецца 50 адсоткаў плюс адзін голас.

Усе 110 дэпутатаў не часта збіраюцца. Бывае такое, што нехта ў камандзіроўцы або захварэў, — каментуе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў. — Але апошнія 15 гадоў у нас менш за 95 дэпутатаў у прыняцці рашэнняў ніколі не ўдзельнічала.

Што да работы камісіі, то ў Савіных ёсць тры намеснікі. Галасаваць за яго яны не могуць, але з выкананнем іншых яго функцый справяцца.

— Рэч у тым, што гэта ў нас не першы выпадак. Мы не вядзём дакладнай статыстыкі, але з вясны перахварэлі дзясяткі чалавек. Не было ніколі такога ўсплёску, які перашкодзіў бы нармальнай рабоце Палаты прадстаўнікоў. Тым больш што ў вясновую сесію мы абмежавалі колькасць пасяджэнняў, калі быў пік каранавіруса. Яны праводзіліся раз на месяц.

Іншыя мерапрыемствы, напрыклад пасяджэнні камісій або міжнародныя сустрэчы, перайшлі ў анлайн-фармат.

— Пакуль такі ж рэжым у нас і дзейнічае, — падагульнілі ў прэс-службе ПП.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі