У Бабруйску міліцэйскі аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей (відэа)

Міліцэйская “Газель” у часе святкавання Дня горада ў Бабруйску ўрэзалася ў натоўп гледачоў. Інфармацыя пра здарэнне паступіла ў абед 29 чэрвеня на гарачую лінію партала TUT.by. Сведкі інцыдэнту паведамілі, што ў часе паказальнага выступу мікрааўтобус “Газель” з амапаўцамі выехаў за агараджальную стужку на тратуар. Пад колы трапіла дзяўчына, прыкладна 20 гадоў. Праз 5-7 хвілінаў яе забрала “хуткая”. Пра іншых пацярпелых нічога не вядома.





У бабруйскай гарадской міліцыі TUT.by адказалі, што не могуць даць інфармацыю аб здарэнні і параілі звяртацца да прэс-афіцэра ў панядзелак. У мясцовай лякарні журналістам пацвердзілі: 29 чэрвеня ўдзень да іх сапраўды паступіла дзяўчына, на якую наехала машына на гарадской плошчы. Цяпер яна з пераломам галёнкі знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні. Стан — сярэдняй цяжкасці.