Вы тут

"Пагалоўнай люстрацыі не будзе": Ціханоўская звярнулася да сілавікоў

Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё​

Святлана Ціханоўская звярнулася да сілавікоў і нагадала пра Народны ультыматум. Да яго заканчэння застаецца пяць дзён. Па словах палітыка, у прадстаўнікоў сілавых структур яшчэ ёсць час зрабіць выбар і перайсці на бок народа.

"Вы прывыклі слухаць сваё начальства. Але ці варта рабіць гэта, калі яно абараняе не народ Беларусі, а толькі аднаго чалавека? Гэта незаконна", — сказала яна. Калектыўнай адказнасці за злачынствы не будзе, кажа Ціханоўская. Не будзе і люстрацыі.

"Адказнасць нясуць персанальна тыя, хто здзяйсняў злачынствы. Пагалоўнай люстрацыі не будзе", — адзначыла палітык.

Паводле яе слоў, новай Беларусі будзе патрэбная ўласная сістэма сілавых ведамстваў. Яна заклікае праваахоўнікаў звязацца з ёй або з фондамі падтрымкі і публічна падтрымаць людзей, якія выходзяць на пратэсты.

У апошні час найвышэйшыя чыны МУС неаднаразова заяўлялі пра гатоўнасць выкарыстаць агнястрэльную зброю супраць пратэстоўцаў. У прыватнасці, кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў казаў, што "па-сапраўднаму сілу мы яшчэ ні да кога не ўжывалі", і дадаў, што ў выпадку супраціву супрацоўнікам унутраных спраў або нападу на іх сілавікі будуць вымушаныя ўжыць агнястрэльную зброю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.