Падрыхтоўка да школы: выдаткі бацькоў у Беларусі, Грузіі, Літве і Польшчы

Школьныя зборы: колькі каштуе падрыхтаваць дзіця ў Беларусі і іншых краінах

Школьныя зборы: колькі каштуе падрыхтаваць дзіця ў Беларусі і іншых краінах / Еўрарадыё

Згодна з заявамі чыноўніцы Мінгандлю Наталлі Мельнікавай, збор дзіцяці ў школу ў Беларусі абыходзіцца бацькам у суму ад 120 да 620 рублёў. Камплект школьнай формы для вучня сярэдняй школы каштуе ад 180 да 580 рублёў, і гэта толькі адзенне — без уліку выдаткаў на навучальныя дапаможнікі, канцылярскія тавары, спартыўную форму і абутак.

Еўрарадыё параўнала кошт падрыхтоўкі дзяцей да школы ў Беларусі, Грузіі, Літве і Польшчы, выявіўшы значныя адрозненні ў выдатках і падыходах. Мы раскажам, як бацькі эканомяць і з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца ў розных краінах.

Беларусь: “Адзенне ў ЦУМе вельмі дарагое”

— Сустрэла маму дваіх дзяцей, дык яна кажа, што паклала цэлы заробак — каля 1500 рублёў, — каб сабраць аднаго ў школу, а другога — у дзіцячы садок. І гэта пры тым, што яна навучылася купляць рэчы ў Інстаграме. Напрыклад, набыла так дачцэ прыгожую кашульку і заплаціла за яе 50 рублёў. У сталічным ТЦ такая каштуе 70 рублёў, у дзяржаўных крамах кшталту ГУМа — каля 100 рублёў, — расказвае Еўрарадыё Святлана, якая сёлета збірае сына ў шосты клас.

З сярэднімі школьнікамі прасцей, бо шмат рэчаў застаецца з мінулага года. Напрыклад, заплечнік у хлопца, куплены ў Германіі за 25 еўра, жыве ўжо чатыры гады.

— У нас я б такі вечны партфель за такія грошы не купіла б ні ў ЦУМе, ні на кірмашы, нідзе, — заўважае жанчына.

Але тое-сёе да новага навучальнага года ўсё ж трэба дакупіць. 

Чаравікі хлопцу набылі на Wildberries — за 75 рублёў. Два віскозна-трыкатажныя гольфы — у ЦУМе: адзін каштаваў 42 рублі, другі — 20 з капейкамі.

— Туфлі на хлопчыкаў у беларускіх крамах страшныя. Гэта жахліва, гэта катастрофа ў такім абутку дзецям хадзіць, гэта злачынства супраць дзіцячага здароўя! Абутак мусіць дыхаць, добра гнуцца, быць з супінатарамі, з шырокім носам. У Kari таксама вельмі дрэнны абутак.

Мы набылі напалову туфлі, напалову красоўкі з таго, што больш-менш сучасна выглядае, падабаецца хлопцу і набліжанае да школьнай формы, — кажа Святлана.

Што да канцыляркі, то ў пагоні за эканоміяй галоўнае не заплаціць двойчы. Напрыклад, мінчанка не раіць купляць асадкі ў Fix Price. Хоць яны там і танныя, але хутка ламаюцца або пэцкаюць — карацей, не вельмі добрай якасці.

Падрыхтоўка да школы: выдаткі бацькоў у Беларусі, Грузіі, Літве і Польшчы
Выбар ёсць, але цэны не распешчваюць / Еўрарадыё

“А яшчэ вокладкі на падручнікі вельмі дрэнныя, рвуцца праз тыдзень. Раней былі — летась яны ўжо прапалі — украінскія вокладкі, трывалыя. Цяпер ёсць расійскія, ёсць “Дарвіш”. Для сшыткаў купляю “Дарвіш” самыя шчыльныя, але яны і каштуюць добрых грошай”, — дзеліцца назіраннямі жанчына.

Наперадзе яшчэ купля дапаможнікаў, атласаў, контурных карт, а потым і зборы ў бацькоўскі камітэт (каля 50 рублёў)...

Мінчанка ўпэўненая, што калі б трэба было збіраць дзіця ў школу цалкам, з нуля, то сям’я была б вымушаная браць крэдыт.

Грузія: мора бясплатнае, а школа платная

Андрэй Мялешка, журналіст з Гродна, які цяпер жыве з сям’ёй у Грузіі, у Батумі, збірае сёлета ў школу дзвюх дачок.

— Адна пойдзе ў шосты клас, другая — у першы. Старэйшая дачка будзе вучыцца ў беларуска-ўкраінскай школе дыстанцыйна — яна знаходзіцца ў Кіеве. Мы там ужо другі год вучымся.

Гэта школа, якой кіруе вядомая беларуска Наста Шпакоўская. Навучанне платнае, каштуе 150 еўра на месяц. Нам як беларускім актывістам, пацярпелым ад рэпрэсій, даюць зніжку на навучанне. Але ёсць вялікі плюс — тут няма ніякіх дадатковых збораў, не трэба ніякай формы набываць, толькі сшыткі купіць, — кажа Андрэй.

Малодшая дачка будзе вучыцца ў Батумі — Batumi InterSchool — на рускай мове за 200 долараў за месяц. У іншую школу, дзе ёсць навучанне на беларускай мове, аддаваць дзіця занадта дорага — гэта каштуе 300 долараў за месяц.

Ва ўкраінскай школе вучні займаюцца ў дзве змены, у класах па 30 чалавек, ёсць класы нават да літары Ё. Беларусаў не прымаюць ні ў рускамоўныя, ні ва ўкраінскія школы.

Існуе беларуска-грузінска-французская школа, дзе класы маленькія, па 10 чалавек, але плата за навучанне складае 300 долараў, і гэта для нас задорага, — акрэслівае сітуацыю ў Батумі Андрэй Мялешка.

У Грузіі, як кажа бацька, сабраць дзіця ў школу даражэй, чым у Беларусі. Але ёсць некалькі спосабаў зэканоміць.

Падрыхтоўка да школы: выдаткі бацькоў у Беларусі, Грузіі, Літве і Польшчы
Беларускія дзеці вучацца ў грузінскіх школах платна / Еўрарадыё

— Мы ўжо набылі заплечнік, сукенку і банцікі, каб пайсці ў першы клас, набылі сшыткі, алоўкі… Ужо аддалі каля 200 долараў, і гэта толькі пачатак.

Каб дакупіць астатняе, у нас яшчэ ёсць тры тыдні, бо навучанне ў Грузіі пачынаецца 15 верасня, — кажа Андрэй.

— У Гродне мы жылі ля мяжы з Польшчай, тут жывём ля мяжы з Турцыяй. Дык жонка яшчэ плануе з’ездзіць туды  і набыць усякія прыбамбасы да школы.

Дадатковыя зборы на экскурсіі і іншыя агульныя патрэбы ў школе не вельмі вялікія.

— На экскурсіі дзеці скідваюцца. Яны далёка не ездзяць, па найбліжэйшых навакольных вёсках. А да канца лістапада будуць ездзіць на мора купацца. На магнітныя пяскі два разы на тыдзень арганізаваныя выезды, — дзеліцца бацька.

Літва: ніякіх незразумелых выдаткаў

Псіхолаг Ганна Матуляк збірае дачку ў другі клас беларускай гімназіі ў Вільні. У школе ўмоўна дзелавы стыль адзення, але жорсткіх патрабаванняў няма.

— У першым класе дзеці хадзілі ў джынсах, кашульках, байках, спадніцах — не было сур’ёзных патрабаванняў наконт формы. Дачка брала на зменку кроксы. Яны ветрацца, зручныя, лёгкія. Няма такога патрабавання, што ў дзяцей мусяць быць туфлі або нельга красоўкі, — заўважае Ганна.

Сёлета падрыхтоўка да школы ў сям’і ідзе ў вельмі запаволенным і ненапружаным рэжыме.

— Нам учора даслалі фатаграфіі рабочых сшыткаў, якія трэба купіць — па літоўскай, матэматыцы і іншых прадметах. Яны каштуюць каля 5-7 еўра за кожны. Тут не адчуваецца таго ж ажыятажу, як у Беларусі, і няма такога вялікага ціску перад пачаткам навучальнага года.

Адзенне будзем купляць па меры таго, як расце дзіця. Хутчэй за ўсё, нам давядзецца абнавіць зменны абутак, бо падрасла, і нешта дакупіць з рэчаў. Але гэта без нечаканых патрабаванняў, мы нават не перажываем, — кажа маці.

Асобна трэба будзе зрабіць унёсак у бацькоўскі камітэт, але гэта сума, кажа Ганна, меншая ў параўнанні з Беларуссю.

— Не трэба ніякіх грошай на фарбаванне падлогі, сцен і іншае. Мы здавалі літаральна адзін ці два разы за год па 20 еўра. І гэта было на кветкі настаўнікам да свята, з днём нараджэння дзяцей павіншаваць — нейкія такія патрэбы. Ніякіх незразумелых выдаткаў, з якімі я ў Беларусі ўвесь час хацела спрачацца, — звяртае ўвагу жанчына.

Польшча: сшыткі і кеды на зніжках

Марыя адправіць сына ў сёмы клас і плануе выдаткаваць на школьныя прыналежнасці не больш за 50 злотых.

— Сёлета будуць як мінімум два новыя прадметы: хімія і фізіка, адпаведна, трэба набыць больш сшыткаў.  Тут сістэма такая, што патрэбныя проста агульныя тоўстыя сшыткі — адзін на кожны прадмет. Скончыцца недзе праз паўгода — трэба будзе яго замяніць. На біялогію, інфарматыку, геаграфію сшытка хапае на цэлы год.

Сшыткі цяпер на зніжках у супермаркетах — адзін каштуе 1,29 злотага. А яшчэ для польскай мовы патрэбны асобны вялікі сшытак, які будзе каштаваць каля 5 злотых, — расказвае Марыя.

Падрыхтоўка да школы: выдаткі бацькоў у Беларусі, Грузіі, Літве і Польшчы
У Польшчы ажыятажу з падрыхтоўкай да школы няма / biurowe-szkolne.pl

Працоўныя сшыткі з заданнямі і падручнікі ў школе выдадуць бясплатна. Нейкія прыналежнасці засталіся з мінулага года. Заплечнік жыве чацвёрты год і яшчэ добра выглядае. Фарбы, пластылін, паперу для малявання можна купіць цягам года па меры таго, як будуць заканчвацца.

— У мяне такі план: мы з ім сходзім у краму побач з домам, набудзем сшыткі, я зраблю рэвізію, што яшчэ трэба, —  і пакуль, мне падаецца, больш за 50 злотых я не аддам.

А яшчэ ў польскіх школах сярод дзяцей вельмі распаўсюджаная мода дзяліцца сваімі прыналежнасцямі. Калі нехта не прынёс на занятак, да прыкладу, фламастары, то аднакласнікі ахвотна імі падзеляцца.

Школьнай формы ў польскіх школах няма. Сын Марыі ходзіць у звычайных цішотках і джынсах. Спартовая форма добра сядзіць з мінулага года. Белая кашуля ў яго таксама ёсць — дзеці яе надзяваюць тры разы на год: першага верасня, на апошні званок і на свята Канстытуцыі.

— Адзінае, што ў школе патрабуюць — гэта абутак з белай падэшвай. Сын кажа, што яго красоўкі ўжо малыя. Таму я буду шукаць сезонныя зніжкі на сайтах і куплю яму абутак у інтэрнэце. Спадзяюся, ён праслужыць хаця б паўгода, бо сын цяпер хутка расце. Планую знайсці “вансы” на зніжках не даражэй за 150 злотых, гэта каля 30 долараў, — разлічвае Марыя.

У бацькоўскі камітэт у школе здаюць па 100 злотых раз на паўгода. Гэтыя грошы выдаткоўваюць на экскурсіі, майстар-класы або агульны паход на піцу разам з аднакласнікамі. На вандроўкі грошы збіраюцца асобна.

У астатнім падрыхтоўка да школы не займае шмат часу, грошай і думак бацькоў.

— У Польшчы не пераймаешся: ну, школа і школа, пойдзе і пойдзе. Настолькі разняволены рэжым! — заўважае жанчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі