Абанплата за ўваход у школу ў Магілёве? Высвятлялі, ці магчыма такое

Новыя паборы з бацькоў навучэнцаў

Новыя паборы з бацькоў навучэнцаў / @rubanau_collage

Электронны пропуск — 6 рублёў, абаненцкая плата за яго карыстанне — 3 рублі штомесяц. Менавіта такую суму нібыта хочуць збіраць з бацькоў пры паступленні ў адну з невядомых магілёўскіх школ. Пра гэта расказала беларуска ў VK-групе “Защита прав потребителей в Республике Беларусь”, чым выклікала бурнае абмеркаванне сярод карыстальнікаў.

Еўрарадыё даведалася, ці стала гэта ўжо распаўсюджанай практыкай і ці зможа дзіцё трапіць у школу, калі яго бацькі не будуць плаціць абанплату за ўваход.
 

Правакацыя для TikTok

Каб атрымаць адказы на пытанні, мы пад выглядам аднаго з бацькоў з апянкунскай рады патэлефанавалі чыноўнікам ад адукацыі.

Ва упраўленні па адукацыі Магілёскага гарвыканкама нам адказалі, што штомесячная абанплата за карыстанне пропускам для ўваходу ў школу — гэта няпраўда.

“Можа гэты бацька [які расказвае пра абанплату за пропуск] нейкі правакатар? <...> Вам трэба падыйсці да дырэктара сваёй школы і запытаць: “У нас што, з гэтага года вучні ў школу на платнай аснове прыходзяць?” <...> Гэта нейкі правакатар-бацька данёс няправільную інфармацыю напярэдадні вучэбнага году. А потым пачнуць у TikTok ці дзе прыкалвацца. <...> Вы самі падумайце — у школу платны ўваход. Трызненне нейкае, абы-што”, — абурыўся супрацоўнік гарвыканкама.

У галоўным упраўленні па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама нам шчыра прызналіся, што не чулі пра такое новаўвядзенне. Але дапусцілі, што калі яго ўвядуць, то цяжар аплат ляжа альбо на гарадскі бюджэт, альбо на папячыцельскую раду школы.

На “гарачай лініі” Міністэрства адукацыі падрабязна расказалі, як усталёўваецца сістэма бяспекі ў школах і за чый кошт яна павінна абслугоўвацца.

“Яна [cістэма бяспекі] ствараецца за кошт [рэспубліканскага] бюджэту ці за кошт установы адукацыі. То-бок бацькі ў гэтым могуць удзельнічаць, толькі калі апякунскі ці бацькоўскія камітэты былі згодныя з гэтым [плаціць за абслугоўванне]. Аплата за ўваход, выхад са школы — гэтага не павінна быць”.

Таму калі ў вас просяць грошы за абанплату, гэта павінна быць вашая добрая воля — плаціць альбо не. 

“Гэта мусіць вырашаць апякунская рада альбо бацькоўскі камітэт. Таксама павінен быць зацверджаны пратакол прынятага рашэння, дзе ўсё павінна быць прапісанае. Дадатковых распараджэнняў на гэты конт няма”, — заверылі нас у Мінадукацыі.

Пакуль выглядае так, што абанплата за карыстанне электронным пропускам у адной з магілёўскіх школ — гэта хутчэй выключэнне з правілаў. 

Мінадукацыя пакуль не зрабіла яе агульнараспаўсюджанай практыкай для ўсіх беларускіх школ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі