Падручнікі па некаторых прадметах будуць выдаваць толькі настаўнікам

Трэцякласнікі пачнуць вывучаць замежную мову па падручніках для другога класу, а старшакласнікі будуць вывучаць адзін прадмет аж па трох падручніках. Загваздка ў тым, што выдавецтвы не паспелі надрукаваць усе падручнікі, а з-за пераходу школаў на адзінаццацігодку праграмы значна скараціліся. Ад гэтага пацерпяць вучні ўсіх класаў, гаворыць супрацоўніца мінскай школы №91: “Падручнікі ніхто не напісаў. Для таго, каб іх напісаць, трэба хаця б паўгады. Натуральна, што зараз будзем вучыцца па тых падручніках, якія маюцца. І восьмыя класы, і дзевятыя, і штрых-дзевятыя, і адзінаццатыя. Ва ўсіх такія ўсякія пературбацыі”.

А дырэктар выдавецтва “Вышэйшая школа” Аляксандр Нячай увогуле сцвярджае, што ўся лінейка падручнікаў па замежных мовах з’явіцца толькі да 2015 году. А першы падручнік для трэцякласнікаў па замежнай мове з’явіцца толькі ў наступным годзе. Цяпер жа трэці клас будзе пачынаць вывучаць замежную мову па падручніках другога класу.

Супрацоўніца школы №91: “Яны будуць вучыцца па падручніках другога класа, то бок, пачынаць з азоў. А падручнікі для другога класа на сёння ёсць. І ангельская, і іспанская, і нямецкая”.

Вучням давядзецца цягаць у школу ледзь не ў тры разы больш падручнікаў. Праграма скарацілася, і тэмы аднаго класу атрымаліся раскіданымі па падручніках трох класаў. Іншыя ж тэмы, якія не ўвайшлі ў школьную праграму, усё яшчэ застаюцца ў старых падручніках. І гэта тычыцца большасці прадметаў.

Супрацоўніца школы №91:
“Напрыклад, у адным і тым жа класе могуць вывучацца тэмы па падручніках трох класаў. А гэта практычна ўсе прадметы. І руская, і беларуская, і матэматыка, і геаграфія, і гісторыя. Калі праграмы скараціліся і тэмаў у падручніку будзе больш, чым у праграме, яны проста не будуць праходзіцца гэтыя тэмы”.

Асаблівая праблема з “Гісторыяй”. У адзін прадмет аб’ядналіся “Гісторыя Беларусі”, “Сусветная гісторыя” і “Чалавек, грамадства, дзяржава”. А падручнікаў-то тры.

Супрацоўніца школы №91: “Тым больш з гісторыяй там увогуле зараз праблематычна. Раней было “ЧГД”, “Гісторыя Беларусі”. Зараз у нас агульная гісторыя. “ЧГД” таксама, напэўна, туды ўключылі”.

Яшчэ адна загваздка ў тым, што падручнікі для 12-га класу, так ніколі і не былі надрукаваныя. Таму 11-класнікі будуць вучыцца па падручніках для 11-га класу з няскончаным курсам. І мяркуецца, што да канца года будзе надрукаваная другая частка падручнікаў для 11-га класу, разлічаная на 12-ы клас.

Натуральна, пры такім раскладзе падручнікаў на ўсіх не хапае. Школы знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі. Падручнікі па некаторых прадметах будуць выдавацца толькі настаўнікам.

Супрацоўніца школы №91: “Падручнікаў не хапае. І мы вымушаныя ісці на такі непапулярны крок. Некаторыя дзеці не будуць атрымліваць падручнікі. Зараз вось і на нарадзе рэкамендавалі проста выдаваць камплект падручнікаў настаўніку. Настаўнік прыйшоў на урок, прынёс падручнікі. Дзеці пазаймаліся, запісалі хатняе заданне. І ўсё”.

Аднак нават па самых лепшых прагнозах, каб надрукаваць усе неабходныя падручнікі, спатрэбіцца яшчэ некалькі год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі