Вы тут

Падпісантка праўладнага ліста спартоўцаў: я малюся на партрэт Лукашэнкі

Валянціна Шчэрба / "Беларусь 1"

73-гадовая Валянціна Шчэрба падпісала зваротам спартоўцаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Яе сын, шасціразовы алімпійскі чэмпіён у спартыўнай гімнастыцы, зрабіць гэта адмовіўся. Віталь Шчэрба даўно жыве ў ЗША.

У інтэрв'ю "Нашай Ніве" Валянціна Шчэрба патлумачыла свой учынак. Жанчыну абурае, што спартоўцы маўчаць: "У нас жа ўсяго пару чалавек гэтых здраднікаў. Столькі было ўсяго ўкладзена ва ўсіх іх! Я ведаю, якія яны стыпендыі атрымлівалі менавіта ад Аляксандра Лукашэнкі". 

Валянціна Шчэрба прызналася, што не ўмее карыстацца інтэрнэтам, але абураная тым, што змагла прачытаць: "Калі я ўбачыла ў інтэрнэце, [што пішуць пра Лукашэнку], — хоць ім і не дужа карыстаюся, — то ў мяне сем патоў сыходзіла. Я б ім адказала ўсім, але ў мяне няма інтэрнэту, я ім не ўмею карыстацца. Я б адказала яшчэ тады, калі толькі нараджалася. Няўжо вас усіх купілі? Я ўпэўнена, што ім альбо заплацілі, альбо нешта асабістае".

Яна прызнаецца, што нават знаёмыя са спартовай сферы не спяшаюцца падпісваць праўладны ліст. Алімпійская чэмпіёнка па гімнастыцы (1972) Антаніна Кошаль заявіла, што па-за палітыкай таму падпісваць нічога не будзе. "Няўжо ў вас смеласці і патрыятызму не хапае заявіць пра ваша меркаванне? А то ўсе арыентуюцца толькі на тых, хто плюнуў у твар нашай уладзе. Плюнулі і яшчэ ўсялякія гадасці кажуць. Як так можна?" — абураецца Шчэрба.

Віталь Шчэрба падпісваць ліст адмовіўся і парэкамендаваў маці берагчы сябе ад вірусаў. "Але ніякай пандэміі няма, каранавіруса няма, і я пра гэта ведаю, і Віталік. Гэты вірус у нас толькі ў галовах. Я гэта магу ўсім даказаць", — падтрымлівае маці гімнаста тую ж версію, якую пастаянна агучвае Аляксандр Лукашэнка.

Дарэчы, пра Лукашэнку. Як вынікае са словаў Валянціны Шчэрбы, партрэт кіраўніка дзяржавы яна ўспрымае як абраз:

"Я веруючая, у мяне ёсць сувязь з Богам не на фізічным, а на эфірным узроўні. Я калі нешта задумала і кладуся спаць, то сню сон і ведаю, як яго разгадаць. Мне пакуль сняцца вельмі добрыя сны. Над Аляксандрам Лукашэнка ёсць моцны абярэг. Я сама асабіста ў трох цэрквах у пачатку лістапада замовіла саракавуст, не пашкадавала сваёй пенсіі.

Я малюся, у мяне ёсць партрэт Лукашэнкі, я малюся на яго. Раніцай і вечарам. І за ўсіх нармальных людзей. І нават за гэты натоўп малюся. Мне іх з аднаго боку шкада, але з іншага — у вас ва ўсіх жа ёсць галава?"

Прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай яна параўноўвае з зомбі і заяўляе, што яны масава адурачаныя праз інтэрнэт. 

Дасталося ад Валянціны Шчэрба і сям'і Домрачавых. Як вядома, Мікіта Домрачаў, брат славутай біятланісткі, быў асуджаны па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. 

"Ад Дашы Домрачавай такога я не чакала! Калі б у мяне былі такія дзеці, як у яе брат, калі б ён вышарваўся па гэтых пратэстах… Я ведаю, які гэта хлопчык, вельмі нават добра. Шкада, што сястра не адвучыла яго ад кепскіх звычак", — кажа пенсіянерка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.