Вы тут

Падлетку, які выратаваў брата на пажары, уручылі ордэн

Цырымонія ўзнагароджання Рамана Кагадоўскага і медыкаў, якія змагаліся за яго жыццё / БЕЛТА

Падлетку Раману Кагадоўскаму, які выратаваў з пажару свайго маленькага брата, у аўторак уручылі ордэн "За асабістую мужнасць". Цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці, паведамляе БЕЛТА.

Разам з хлопчыкам адзначаныя таксама медыкі мінскай Бальніцы хуткай меддапамогі, якія затым змагаліся за жыццё самога Рамана.

Узнагароды ўручаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама паказаў хлопчыку свой кабінет.

Раман Кагадоўскі ў кабінеце Аляксандра Лукашэнкі / @belta_telegramm

Раману Кагадоўскаму 12 гадоў. Ён з вёскі Сідаравічы Мядзельскага раёна. 28 красавіка ў іх доме здарыўся пажар. Падлетак спачатку спрабаваў яго патушыць, а потым схапіў малодшага брата, вынес яго на двор, перадаў дарослым і страціў прытомнасць. Рамана забралі спачатку ў мясцовую бальніцу, а затым на верталёце перавезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр БХМД Мінска.

У шпіталі ён правёў каля паўгода, перанёс дзясяткі аперацый. Толькі ў верасні пачаўся першы курс рэабілітацыі — хлопчык пачаў нанова вучыцца сядзець, хадзіць, трымаць у руках прадметы, гаварыць і пісаць.

Дом, з якога Рома Кагадоўскі вынес брата / СТБ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.