Падлетка, вывезенага ў Расію з Марыупаля, спынілі на мяжы з Беларуссю

Багдан Ярмохін / 360tv.ru
Багдан Ярмохін / 360tv.ru

На мяжы з Беларуссю расійскія сілавікі спынілі падлетка, вывезенага з Марыупаля ў Расію і перададзенага там пад апеку. Хлопец спрабаваў вярнуцца ва Украіну, перадае Бі-Бі-Сі.

Пра гэты выпаакд распавяла на прэс-канферэнцыі 4 красавіка ўпаўнаважаная па правах дзіцяці ў РФ Марыя Львова-Бялова.

Юнака клічуць Багдан Ярмохін. Пра яго спытаўся карэспандэнт дзяржаўнага тэлеканала "Расія". Ён заявіў, быццам падлетка "з дапамогай маніпуляцый і пагроз спрабавалі завабіць назад на тэрыторыю Украіны".

"Так, падманным шляхам хлопец быў вывезены, мы яго злавілі на мяжы з Беларуссю. У апошні момант паспелі з сілавымі структурамі яго на мяжы спыніць", — пацвердзіла Львова-Бялова. Яна заявіла, што Ярмохіну дапамагалі некалькі чалавек, у тым ліку арганізавалі машыну з кіроўцам і "скідвалі грошы".

Бі-Бі-Сі адзначае, што на момант пачатку поўнамаштабнага ўварвання расіян ва Украіну Багдан Ярмохін быў сіратой. Яго законным прадстаўніком быў дырэктар Марыупальскага каледжа, дзе юнак вучыўся (ва Украіне гэта звычайная практыка для падлеткаў старэйшага ўзросту).

Па словах Львовай-Бяловай, хлопца разам з іншымі трыма дзясяткамі дзяцей знайшлі "ў падвалах Марыупаля". Яго перавезлі спярша ў Данецк, а потым у Падмаскоўе, дзе перадалі пад апеку ў прыёмную сям'ю.

Дарэчы, у той жа групе непаўналетніх быў і Філіп Галаўня, якога ўзяла пад апеку сама Львова-Бялова.

Дзе цяпер знаходзіцца Ярмохін і што з ім адбываецца, невядома.

Расія масава вывозіць з Украіны дзяцей з акупаваных тэрыторый. Як распавядала Еўрарадыё, Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на Уладзіміра Пуціна і Марыю Львову-Бялову за незаконную дэпартацыю насельніцтва з акупаваных раёнаў Украіны ў Расію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі