Пад Слуцкам рой восаў напаў на сямейную пару. Жанчына памерла ад укусаў

Пад Слуцкам рой восаў напаў на сямейную пару. Жанчына памерла ад укусаў

Пад Слуцкам ад укусу восаў загінула жанчына, піша мясцовае выданне kurjer.info.

Муж і жонка — жыхары Слуцка, якія прыехалі на лецішча ў вёску Мялешкі. Зранку 12 верасня мужчына стаў разграбаць салому каля хлява, і адтуль вылецеў рой восаў. Яны напалі на мужчыну: тры разы ўкусілі яго ў твар і адзін раз — у руку.

Праз нейкі час ён пабачыў, як гэты рой ляціць за жонкай, якая бяжыць з гарода. Жанчына адмахвалася хусткай, крычала, клікала на дапамогу. Мужчына схапіў дыхлафос i разагнаў іх.

Выявілася, што восы ўкусілі жанчыну чатыры разы: у раёне грудзей і ў жывот. Ёй стала кепска, жанчына стала задыхацца. Муж спрабаваў напаіць яе вадой, аднак жонка не рэагавала. Тады ён выклікаў лекара. 

Лекары "хуткай" памералі жанчыне ціск, зрабілі ўкол. Аднак гэта не дапамагло: жанчына памерла. Папярэдне мяркуецца, што прычынай смерці стаў анафілактычны шок. 

У гэты ж дзень на падворак прыехалі супрацоўнікі МНС, якія акуратна спалілі кучу саломы разам з асіным гняздом.

Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні восы напалі ў Гродна на гадаванцаў дзіцячага садка. Пяцёра дзяцей былі шпіталізаваныя. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі