Супрацоўнікі Мінскага РУУС і АМАП затрымалі ў аграсядзібе ў аграгарадку Міханавічы 94 нелегальных мігранта.
Сярод іх грамадзяне Алжыра, Афганістана, Егіпта, Емена, Ірака, Сірыі, Марока і Пакістана.
— Яны прыбылі ў нашу краіну з Расіі наземным транспартам і планавалі паехаць у Заходнюю Еўропу. Беларускіх віз у іх няма, — піша прэс-служба МУС. — 54 замежнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, ім дадзена права добраахвотнага выезду. Сямёра, якія не маюць дакументаў, затрыманыя для высвятлення асобы. У дачыненні да чацвярых разглядаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з парушэннем тэрміну забароны ўезду ў Беларусь. 27 чалавек прымусова выдвараны з краіны. Двое перададзеныя ў сталічны рэгіён для высвятлення абставінаў ухілення ад добраахвотнага выезду.

МУС шукае арганізатараў і тых, хто дапамагаў арганізоўваць мігрантам незаконны ўезд у Беларусь. Таксама вырашаецца пытанне аб дэпартацыі затрыманых.
Раней польскія памежнікі распавядалі, што каля мяжы мігрантам дапамагаюць беларускія службы.