Пад Гомелем праходзіць з’езд ананімных алкаголікаў

Пад Гомелем праходзіць з’езд ананімных алкаголікаў

Пад Гомелем праходзіць двухдзённы форум ананімных алкаголікаў Беларусі. Мерапрыемства адкрылася 3 верасня ў санаторыі “Машынабудаўнік”. На яго запрошаныя чальцы груп з Расіі, Украіны і краін Балтыі, перадае Радыё Свабода.

У першы дзень у межах форума ладзіўся “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў уладных структураў, нарколагаў, святароў і журналістаў. У Беларусі каля 80 груп АА, якія наведваюць звыш 2 тысяч чалавек. У Гомелі дзве такія групы, яшчэ адна — “Ал-Анан” — створаная для родных алкаголікаў.

На “круглым стале” падкрэслівалася, што супольнасць АА не займаецца агітацыяй, не ставіць дыягназаў, не забяспечвае прадуктамі і вопраткай, не дае характарыстык для ўмоўна-датэрміновага вызвалення з лячэбна-працоўных прафілакторыяў.

Чальцы АА з Мінска, Гродна, Шклова, Магілёва распавядалі пра свае кантакты з афіцыйнымі структурамі, спробы праз доступ ў калоніі, ЛПП, прыахвоціць да свайго ладу жыцця тамтэйшых сядзельцаў, каб яны выйшлі на волю з іншымі поглядамі і звычкамі.

Першая ў свеце група ананімных алкаголікаў утварылася 80 гадоў таму ў горадзе Акрон у ЗША. Па выніках яе працы з’явілася кніга “Ананімныя алкаголікі”, у якой сфармуляваныя “Дванаццаць крокаў АА” — сукупнасць духоўных прынцыпаў. Увасабляючы іх, хворы пазбаўляецца ад алкагольнай залежнасці, становіцца шчаслівым і карысным чалавекам.

У свеце цяпер існуе каля 120 тысяч груп АА. Беларуская супольнасць успрымае сябе неад’емнай, але самастойнай часткай Сусветнага таварыства ананімных алкаголікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі