Трагікамічная гісторыя адбылася ў вёсцы Гезгалы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Мясцовая жыхарка вырашыла пакараць аднавяскоўку — ёй здалося, што тая спрабуе спакусіць яе мужчыну. Жанчына вылічыла, дзе жыве саперніца, і падпаліла ўваходныя дзверы ў яе кватэру.
Пажар даволі хутка выявілі і патушылі — агонь заўважыла суседка. Але гісторыяй зацікавілася міліцыя. Калі аператыўнікі прыйшлі да падазраванай, яна расказала пра свае матывы. "Праўда, аказалася, што жанчына памылілася адрасам і падпаліла не тыя дзверы. 46-гадовая пацярпелая ледзь ведала падазраваную", — расказалі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама. Высветлілася, што меркаваная саперніца жыла па іншым адрасе.
Тым не менш у дачыненні да падпальшчыцы завялі крымінальную справу па артыкуле "Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам". Санкцыя артыкула прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
