Пад беларускім прэсам #7: Цэны на жыллё будуць зніжацца пры дапамозе значкоў

12 жніўня беларускія будаўнікі будуць адзначаць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні “Дня будаўніка” дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ пісалі пра рост цэнаў на жыллё. А галоўны будаўнік краіны Аляксандр Селязнёў дакладваў прэзідэнту пра вынікі сваёй працы за паўгоддзе, з якіх было зразумела, што ў міністра наўрад ці атрымаецца далучыцца да калегаў у святкаваннях.
Цэны на жыллё працягваюць расці. А па выніках за паўгоддзе план па будаўніцтву жылля ў Мінску выкананы толькі на 72%.

Міністр архітэктуры і будаўніцтва заявіў таксама пра тое, што быў супраць правядзення адкрытых аукцыёнаў па продажы кватэр у Мінску. Па яго словах, ён лічыў, што гэта можа прывесці да ажыятажнага попыту на жыллё. Цытуе інфармацыйнае агенцтва afn.by:

“На 19 кватэр, якія былі выстаўлены на аукцыёне, прэтэндавала больш за 250 чалавек. З-за гэтага цэны продажу ўзраслі ў тры разы ў параўнанні з рэальнай цаной”.

Цікава, якую рэальную цану мае на ўвазе Аляксандр Селязнёў? “БелГазета” валодае зусім іншай інфармацыяй:

“Па дадзеных агенцтва “Твая сталіца кансалт”, цэны на другасным рынку ў Фрунзенскім раёне (да якога адносіцца дом, кватэры якога былі выстаўлены на аукцыён) на 1 ліпеня былі трохі вышэйшымі за тыя, якія атрымаліся на аукцыёне.”

На першым аукцыёне “трохпакаёўкі” ішлі прыкладна па 135 тысяч долараў. Калі верыць Селязнёву, то “рэальная”, як ён выказваецца, цана на трохпакаёвую кватэру сёння ў Мінску складае... 45 тысяч долараў!

Магчыма, канешне, міністр будаўніцтва меў на ўвазе кошт жылля для “чаргавікоў”, г.зн. для тых, хто будуе кватэры з дзяржаўнай падтрымкай. І як піша “Звязда”, сёлета гэты кошт складзе 450 долараў за квадратны метр у панэльных дамах і 540 – у цагляных. Гэта сапраўды прыкладна ў тры разы танней за кошт квадратнага метра кватэр, набытых з аукцыёна. Але ці шмат людзей сёння маюць такую магчымасць будавацца за конт дзяржавы і стаяць у чэргах на жыллё?

Паказальныя каментары можна пачытаць на сайце “Советской Белоруссии” пад артыкулам “Аукцыён квадратных метраў”:

Студницкий Ст. (2007-07-26 09:31:37)
На заробак навуковага супрацоўніка ці выкладчыка купіць кватэру немагчыма. Ёсць яшчэ чэргі. Але ў іх трэба стаяць па 20 год.

Василий (2007-07-27 15:36:47)
Нідзе ў свеце няма “чаргавікоў за дзярж кватэры” – гэта шлях да карупцыі ды хабарніцтва. 20 год стаяць у чарзе за панэльнай халупай! Як думаеце, у якіх кватэрах жывуць чыноўнікі, якія адказваюць за “раздачу” кватэр? У якіх кватэрах жывуць іх сябры і родныя?

Чарга павінна заставацца толькі для шматдзетных сем’яў, інвалідаў ВАВ і г.д. Астатнія ж, як і ў любой Нармальнай краіне павінны самі зарабляць на кватэру, а не чакаць падачкі ад дзяржавы. А задача дзяржавы – забяспечыць такі заробак, каб сярэдні клас мог сам набываць сабе жыллё.

Яшчэ адна чытачка “СБ” лічыць што:

Нина Сергеевна (2007-07-27 15:50:20)
Адна надзея, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка штосьці зробіць і ўмяшаецца. Толькі ён можа дапамагчы бедным. Упэўнена.

Каб спраўдзіць надзеі сваіх прыхільнікаў, кіраўнік краіны і праўда не сядзіць склаўшы рукі, а робіць усё магчымае каб выправіць сітуацыю і не дапусціць далейшага росту цэнаў. Напрыклад уводзіць сваім указам нагрудны знак “Ганаровы будаўнік”. На гэты значак ускладаецца вялікая місія па зніжэнню коштаў на будаўніцтва жылля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі