Вы тут

Пацярпелыя ад гвалту беларусы даюць паказанні ў Літве

Затрыманыя ў Фрунзенскім РУУС / скрыншот відэа BYPOL​

У Вільні пацярпелымі па справе аб гвалце з боку беларускіх сілавікоў прызнаныя пакуль чацвёра грамадзян, паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на прадстаўніка Генеральнай пракуратуры Літвы.

"Сапраўды, вядзецца расследаванне, і на гэты момант чатыры чалавекі прызнаныя пацярпелымі, але іх колькасць можа змяніцца", — заявіла кіраўніца аддзела камунікацый Генеральнай пракуратуры Літвы Алена Марцінаніене.

Адным з пацярпелых з'яўляецца бізнэсовец Максім Харошын, які раздаваў кветкі на мірных акцыях пратэсту, а затым быў жорстка затрыманы і збіты міліцыяй.  Яшчэ адна пацярпелая — грамадзянка Літвы беларускага паходжання Марыя Матусевіч. Яна была затрыманая ў Мінску ўначы 11 жніўня.

"Мае паказанні запісвалі шэсць гадзін", — расказала Марыя журналістам. Па яе словах, "літоўская паліцыя была ў шоку ад пачутага".

Яна згадвае, што затрыманых у тую ноч пачалі біць ужо ў мікрааўтобусе. Іх прывезлі ў Фрунзенскае РУУС, дзе "ўся спартзала была ў мачы, крыві і фекаліях. У іх была катавальная ў ціры, туды заводзілі 6-7 хлопцаў і білі па 15-30 хвілін, дзяўчат вадзілі ў цір на допыт, каб мы ламаліся", успамінае Матусевіч.

Марыя расказала таксама пра тое, што было на Акрэсціна: як да позняга вечара трымалі на вуліцы, а затым яе адправілі ў чатырохмесную камеру, дзе было каля 60 чалавек. Яе адпусцілі ў ноч на 13 жніўня без пратакола, суда не было. Ужо ў Літве яна даведалася, што ёй анулявалі від на жыхарства ў Беларусі, аштрафавалі і забаранілі ўезд у краіну на пяць гадоў.

Літва стала першай краінай, дзе пачалі расследаваць факты гвалту з боку беларускіх сілавікоў у дачыненні да простых грамадзян. У Беларусі, нягледзячы на тысячы заяў, не было заведзена ніводнай крымінальнай справы супраць сілавікоў.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі раней казаў, што падобныя справы могуць быць вывучаныя таксама ў следчых органах Чэхіі і Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.