Вы тут

Ціханоўская абмеркавала з кіраўніцай Эстоніі магчымасць спраў супраць сілавікоў

Керсці Кальюлайд і Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская напярэдадні сустрэлася з прэзідэнтам Эстоніі Керсці Кальюлайд. Кіраўніца Эстоніі распавяла, што Талін ужо вылучыў 700 тысяч еўраў на падтрымку адукацыйных і грамадскіх ініцыятыў у Беларусі.

Святлана Ціханоўская ў сваю чаргу адзначыла, што "пратэст працягваецца, і яго будучыня — за лакальнымі ініцыятывамі і аб'яднаннямі", паведамляе падрабязнасці сустрэчы яе телеграм-канал.

На сустрэчы таксама ішла размова аб магчымым пашырэнні санкцыйнага спісу. Ціханоўская заклікала падтрымаць ідэю дадаць у гэты спіс супрацоўнікаў АМАП і ГУБАЗіК, суддзяў і бізнесменаў, якія падтрымліваюць рэжым.

Паведамляецца таксама, што Святлана Ціханоўская і Керсці Кальюлайд абмеркавалі магчымасць узбуджэння ў Эстоніі спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі. З заявамі маглі б выступіць беларусы, якія пацярпелі ад гвалту з боку беларускіх сілавікоў і цяпер праходзяць рэабілітацыю ў Эстоніі.

Раней падобную крымінальную справу ўзбудзіла Генеральная пракуратура Літвы. Заяўнікам выступіў бізнэсмэн Максім Харошын, які пасля жорсткага затрымання ў Мінску трапіў з РУУС у шпіталь у цяжкім стане.

У інтэрв'ю DW ў сярэдзіне снежня Харошын распавядаў аб ходзе расследавання, аб тым, што ўжо ёсць некалькі падазраваных.

"Наша задача, каб справу перадалі ў суд, і вінаватыя апынуліся ў спісах Інтэрпола. Гэта цалкам рэальна, такія прэцэдэнты былі", — казаў ён. У спісе, паводле яго слоў, можа апынуцца да 10 чалавек , "у тым ліку тыя, хто не перашкаджаў таму, што адбываецца".

У Генеральнай пракуратуры Беларусі расцанілі Літоўскае расследаванне па справе Харошына як умяшанне ва ўнутраныя справы.

Між тым, дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі напярэдадні паведаміў, што найбліжэйшым часам у Літве рыхтуюцца да падачы яшчэ тры такія справы. Таксама каля 10 спраў падрыхтаваныя ў Польшчы, і столькі ж — у Чэхіі.

У самой Беларусі да гэтага часу не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы паводле фактаў гвалту над грамадзянамі з боку сілавікоў. Больш за тое, з 14 студзеня з унясеннем змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс следства атрымала магчымасць праводзіць праверку па такой заяве неабмежаваную колькасць часу. Раней на праверку ў следства было тры месяцы, і не больш чым на тры месяцы можна было прыпыніць праверку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.