Вы тут

Пачынаецца Еўрабачанне — усе прадракаюць перамогу Украіне

 Kalush Orchestra у часе рэпетыцыі "Еўрабачання-2022"​ / EBU

Праз вайну ва Украіне шмат хто ўжо і забыўся пра "Еўрабачанне" — традыцыйную травеньскую забаву еўрапейцаў. Але самі ўкраінцы пра конкурс памятаюць — і маюць велізарныя шанцы на перамогу ў ім. Расказваем, чым будзе (не) здзіўляць "Еўрабачанне" гэтага года.
 

Букмекеры ставяць на Украіну

Такой аднадушнасці ў букмекераў не было ніколі: сёння на перамогу Украіны ў "Еўрабачанні" даюць 49% імавернасці. На другім месцы — італьянцы Mahmood & Blanco, ім даюць толькі 13% шанцу на перамогу.

Высока ацэньваюць украінскіх прадстаўнікоў Kalush Orchestra не толькі праз вайну, як спрабуюць расказаць расійскія прапагандысты. Яны былі ў ліку фаварытаў адразу, як стала вядома, што паедуць у Турын з песняй "Стефанія". Праўда, гэтаму папярэднічаў невялікі скандал: першапачаткова прадстаўляць Украіну на "Еўрабачанні-2022" павінна была Alina Pash, але высветлілася, што яна некалькі гадоў таму незаконна наведвала Крым — у выніку артыстка, чыю песню таксама ацэньвалі вельмі высока, сышла з дыстанцыі.

Да музыкаў з Kalush Orchestra прыкаваная ўвага культурнай прэсы, іх песня стала віруснай у тыктоку і адным з сімвалаў украінскай адметнасці. Улічваючы такую ўвагу да гурта і яго песні, будзе хутчэй дзіўна, калі Kalush не пераможа на конкурсе сёлета.

Дарэчы, упершыню выйдуць на сцэну прадстаўнікі Украіны ўжо ўвечары 10 траўня — у рамках першага паўфіналу.

Песня Украіны для "Еўрабачання-2022"

"Еўрабачанне" без Беларусі і Расіі

Беларусь страціла права ўдзельнічаць у "Еўрабачанні" яшчэ ў 2021-м — тады Еўрапейскі вяшчальны саюз прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі. Таму і планаў на ўдзел у 2022-м не было.

Расію ж выключылі з арганізацыі праз вайну ва Украіне.

Таму па тэлебачанні "Еўрабачанне" не будуць паказваць ні ў Беларусі, ні ў Расіі. Зрэшты, паглядзець жывую трансляцыю можна будзе на афіцыйным ютуб-канале конкурсу. Адзіны мінус: нельга будзе аддаць голас у падтрымку Украіны. Эфір пачнецца ў 22:00 па мінскім часе.

Жывы эфір першага паўфіналу "Еўрабачання" пачнецца 10 траўня ў 22:00

Фаварыты конкурсу

Мы ўжо згадвалі, што на другім месцы ў букмекераў на "Еўрабачанні-2022" ідуць італьянцы Mahmood & Blanco. Адзін з удзельнікаў дуэта, Махмуд, ужо ўдзельнічаў у Еўрабачанні — у 2019-м у Тэль-Авіве ён заняў другое месца з песняй "Soldi". Цяпер у яго песня больш лірычная — і яе ацэньваюць досыць высока.

На трэцім месцы ў букмекераў ідзе брытанец Sam Ryder са старамоднай кампазіцыяй Space Man.

У топ-5 таксама ўваходзіць прадстаўніца Швецыі Cornelia Jakobs з тыповай "еўрапесняй", але ў больш сучасным гучанні.

Замыкае пяцёрку лідараў іспанская спявачка Chanel з танцавальнай кампазіцыяй і танцамі.

За мір, але без палітыкі

"Еўрабачанне" прытрымліваецца строгіх правілаў апалітычнасці, таму жэстаў ад арганізатараў з асуджэннем вайны наўрад ці варта чакаць. Праўда, на адкрыцці выступіць адразу тысяча рок-музыкаў Rockin' 1000 з кампазіцыяй у падтрымку міру.

У фінале зноў на сцэну выйдзе гурт Måneskin, які перамог на "Еўрабачанні" летась. Не так даўно яны напісалі песню з заклікам адмовіцца ад куплі расійскіх нафты і газу і неаднаразова заклікалі падтрымаць Украіну. Ці выканаюць яны гэтую кампазіцыю і ці змогуць угаварыць арганізатараў дазволіць ім сказаць прамову, невядома.

Зрэшты, правілы "Еўрабачання" не перашкаджаюць многім удзельнікам конкурсу ў зносінах з журналістамі і сацыяльных сетках адкрыта падтрымліваць Украіну і выступаць з асуджэннем расійскага нападу. Некаторыя артысты адкрыта гавораць: яны будуць радыя, калі ўкраінскія прадстаўнікі перамогуць на конкурсе, бо сёння краіне патрэбна падтрымка ўсюды і ва ўсіх сферах, у тым ліку — увага свету.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.