Пачаўся візіт у Мінск патрыярха Маскоўскага Аляксія II

23 кастрычніка пачаўся трохдзённы візіт у Беларусь патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II. Гэта ўжо шосты візыт кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусь. У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" яго сустракалі прадстаўнікі беларускіх уладаў на чале з віцэ-прэм'ерам Аляксандрам Косінцам, а таксама архіерэі япархій Беларускай праваслаўнай царквы на чале з мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым экзархам усёй Беларусі.

У праграму знаходжання ў беларускай сталіцы Аляксія II ўключаны ўдзел ва ўрачыстым сходзе ў Палацы Рэспублікі, прысвечаным 1020‑годдзю Хрышчэння Русі, а таксама ў міжнародным круглым стале на тэму: "1020‑годдзе Хрышчэння Русі ў лёсах народаў Расіі, Украіны і Беларусі". 24 кастрычніка патрыярх сустрэнецца з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

"Наша ніва" нагадвае, што папярэдні візіт кіраўніка РПЦ у Беларусь адбыўся 18—20 траўня 2002 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі