“Па справе Фядыніча КДБ нічога не знайшоў яшчэ ў 2011 годзе”

Распачатую Дэпартаментам фінансавых расследаванняў справу аб ухіленні ад выплаты падаткаў супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка 8 жніўня перадалі ў Следчы камітэт. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прававы інспектар прафсаюза Юрый Белякоў.

Белякоў: “Учора перадалі гэтую справу з УДФР Мінска ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску ― перавезлі туды ўсё, што ў нас было канфіскавана. Ігар Комлік застаецца пад вартай ― яму выставілі абвінавачванне і працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай на дзесяць дзён. На пачатку наступнага тыдня гэты заканчваецца тэрмін і следчы павінен альбо змяніць яму меру стрымання, альбо пакінуць яе ў сіле. Але гэта ўсё абскарджваецца праз суд. Што мы і плануем рабіць”.

Па словах Юрыя Белякова, распачатая ДФР справа цягнецца з 2011 года, і патрапіла яна ў фінансавую міліцыю з КДБ. Тады, у 2011 годзе, мяркуе юрыст прафсаюза, Генадзя Фядыніча і журналістку Наталлю Пічужкіну знялі з цягніка і КДБ праводзіў праверку ― падазравалі, што яны правозілі з-за мяжы валюту.

Белякоў: “Праверку тады правялі, і нічога не знайшлі. Справа ў тым, што ў 2018 годзе тэрмін дзеяння па гэтым артыкуле заканчваецца, бо ў пастанове аб прыцягненні Фядыніча і Комліка ў якасці падазроных пішуць, што ім інкрымінуецца ўхіленне ад выплаты падаткаў за перыяд з 01.01.2011 па 31.12.2011. А дапыталі яны людзей, якія ў той час не працавалі, вобшукі правялі ў тых, хто тады, як я, напрыклад, не працаваў у прафсаюзе. Але ж тады, у 2011 годзе тут таксама праводзілі вобшук, толькі рабіў гэта КДБ. Такім чынам, усе матэрыялы і інфармацыя за той перыяд ёсць у КДБ. І ДФР, калі б яны сапраўды гэтай справай займаліся, трэба было проста звярнуцца ў КДБ. Але яны скарысталіся гэтай магчымасцю, каб яшчэ новае ў нас выцягнуць. І таму, калі праводзілі ператрус, яны шукалі тут, па іх словах, зброю, наркотыкі. І выграбалі ўсё, што траплялася пад руку: праекты, дакументы, якія ніякага дачынення да гэтай справы не маюць. Як вынік: за гэты час па канфіскаваных у нас дакументах яны ніякай справы не распачалі, бо нічога крымінальнага ў іх не знайшлі”.

Генадзь Фядыніч, фота Змітра Лукашука

Як паведамляла Еўрарадыё, 2 жніўня ў ДФР на допыт у якасці сведкі выклікалі лідара Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука. Па яго словах, следчых цікавіў сумесны праект прафсаюза РЭП, Беларускага незалежнага прафсаюза і дацкага прафсаюза 3F. У інтэрв’ю Еўрарадыё Ярашук расказаў, што гэта быў сапраўды “сумнеўны” праект, ад удзелу ў якім ён засцерагаў сваіх беларускіх калег. Юрыст РЭП Юрый Белякоў сцвярджае, што да справы, распачатай супраць Фядыніча і Комліка, гэты дацка-беларускі праект не мае ніякага дачынення.

Белякоў: “Дацкі прафсаюз ― гэта зусім іншае, і да гэтай справы ён не мае аніякага дачынення. У пастанове напісана, што Комлік і Фядыніч знялі нейкія сродкі і правезлі іх на тэрыторыю Беларусі ў 2011 годзе. І следчыя нават нейкія ведамасці прад’явілі Фядынічу на допыце. І ім заявілі, што па гэтай справе разбіральніцтва даўно прайшло, нічога не знайшлі, і што яны цяпер шукаюць, незразумела”.

У гэтай сітуацыі, лічыць суразмоўца Еўрарадыё, для лідараў прафсаюза, супраць якіх распачатая крымінальная справа, вельмі важная падтрымка як з боку беларусаў, так і з боку міжнароднай прафсаюзнай супольнасці. І яны яе атрымліваюць. Так, з патрабаваннем спыніць пераслед прафсаюзных лідараў звярнуліся лідары Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, а праваабаронцы ўжо прызналі Ігара Комліка палітвязнем.

Нагадаем, 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі вобшук у мінскім офісе прафсаюза РЭП. Старшыні прафсаюза Генадзю Фядынічу і яго намесніку Ігару Комліку выставілі абвінавачванне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Фядыніча пасля допыту вызвалілі, Комліка ўзялі пад варту. Адначасова 2 жніўня прайшоў вобшук і ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску.