Па некалькі месяцаў чакаюць “акенцаў” на візіт: украінцы пра амбасаду ў Мінску

Амбасада ў Мінску працягвае працу ў звычайным рэжыме / Illustrator Ua/maps.google.com
Амбасада ў Мінску працягвае працу ў звычайным рэжыме / Illustrator Ua/maps.google.com

Украіна выклікала свайго амбасадара Ігара Кізіма з Мінску для кансультацый у Кіеў. Здарылася гэта пасля афіцыйнай сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком так званай “ДНР” Дзянісам Пушыліным у беларускай сталіцы. Украінскае МЗС выказала асуджэнне, але пра разрыў дыпламатычных адносін гаворкі пакуль не вядзецца. Амбасада ў Мінску і консульства ў Брэсце працягваюць працаваць.

Якую ролю граюць гэтыя дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў жыцці грамадзян Украіны ў Беларусі? І на якую ўвогуле дапамогу, акрамя як ад сваёй амбасады, разлічваюць уцекачы? Пра гэта Еўрарадыё паразмаўляла з сем’ямі з Марыупаля і Луганска.

“Я не чакала, наколькі дружны народ”

Вікторыя прыехала з Луганскай вобласці амаль год таму, вясной 2022. Уцякала ад вайны менавіта ў Беларусь, бо сюды шматдзетную сям’ю запрасілі родныя мужа-беларуса.

— У амбасаду я толькі адзін раз хадзіла, каб падоўжыць замежныя пашпарты дзецям, бо ўжо падыходзіў тэрмін дзеяння. І пашанцавала, што гэта было па жывой чарзе. Цяпер там вельмі вялікія праблемы. Каб падоўжыць украінскі і замежны пашпарт, трэба браніраваць месца ў электроннай чарзе [на сайце амбасады. — Еўрарадыё], і людзі па 3-5 месяцаў не могуць злавіць “акенца”, — кажа Вікторыя.

Але адразу па прыездзе амбасада была не тым месцам, куды ўкраінцы пайшлі ў першую чаргу.

— Мы, калі сюды прыехалі, тыдні два адыходзілі ад шоку, ад таго, што перажылі. А потым зрабілі рэгістрацыю часовага побыту. Гэта цяпер нейкія памяткі стварылі для грамадзян Украіны, куды можна звяртацца. А тады інфармацыі нідзе не было. Я лічу, у месцы, дзе робяць рэгістрацыю, павінна была быць хаця б нейкая інфармацыя, у якія арганізацыі нам можна звярнуцца. Нічога не было, на жаль. Я знайшла ў інтэрнэце сама, — дзеліцца досведам Вікторыя.

Па некалькі месяцаў чакаюць “акенцаў” на візіт: украінцы пра амбасаду ў Мінску
Зарэгістравацца на візіт сапраўды не атрымліваецца – сістэма піша, што вольных слотаў няма / скрыншот

Па рэчы першай неабходнасці сям’я звярнулася ў арганізацыю Чырвонага Крыжа — бо гэта першае, што асацыюецца з дапамогай у крызіснай сітуацыі.

— Калі ў нас у 2014 годзе баявыя дзеянні былі, мы самі адносілі дзіцячыя, дарослыя рэчы, абутак ў Чырвоны Крыж. Я ведала, што гэтая арганізацыя дапамагае. У Мінску я патлумачыла сітуацыю: мы прыехалі з трыма дзецьмі без рэчаў, нават пераапрануцца няма ў што. Там запісалі нашы памеры і далі крыху прадуктаў і бытавой хіміі, — працягвае жанчына.

Цяпер раз на месяц сям’і даюць прадуктовы набор — пачак грэчкі, пачак рысу, макароны, кілаграм ці два мукі, сланечнікавы алей, фасолю ці гарох, проса, рыбную і мясную кансервы, гарошак ці сумесь кансерваванай гародніны. Таксама ёсць магчымасць узяць пачак парашку, гаспадарчае і звычайнае мыла, гель для душа, шампунь і штосьці для дзяцей — зубную шчотку і пасту, вільготныя сурвэткі, падгузнікі.

Праз Чырвоны Крыж уцекачы атрымліваюць таксама грашовую дапамогу ад ЮНІСЕФ.

— Мы атрымлівалі аднаразовую грашовую дапамогу ад ЮНІСЕФ — 1050 рублёў на сям'ю з пяці чалавек. Яшчэ ад Чырвонага Крыжа ёсць квартальная дапамога. Яна прадугледжаная не для ўсіх катэгорый, але мы як шматдзетная сям'я яе атрымалі, — таксама 1050 рублёў, — прыпамінае Вікторыя.

Акрамя гэтага жанчына вельмі ўражаная дапамогай ад звычайных беларусаў. Калі яе дзіця запісалі ў школу, настаўніца апублікавала ў бацькоўскіх чатах заклік — і яго не пакінулі без увагі.

Па некалькі месяцаў чакаюць “акенцаў” на візіт: украінцы пра амбасаду ў Мінску
Грашовую дапамогу, а таксама тавары першай неабходнасці і школьныя прыналежнасці даюць Чырвоны Крыж і ЮНІСЕФ / UNISEF Belarus

— Я не чакала, наколькі дружны народ. Хтосьці прыходзіў і плакаў са мной, абдымаў — такая падтрымка ад людзей! Я была вельмі здзіўленая. Хто рэчы нёс, хто цацкі, кніжкі, канцылярыю. Адна сям'я прынесла дзве падушкі, прысмакі дзецям, патэльню. Дзяўчына патэлефанавала і сказала, што можа трохколавы дзіцячы ровар аддаць. І гэта такая дробязь... Але маё дзіця будзе сябе адчуваць не ўшчэмленым. У нас жа ўсё гэта дома было — самакаты, веласіпеды, а тут гэтага мы дазволіць сабе не можам. Я ад шчасця плакала, калі мы гэты веласіпед забралі. І цяпер дзеці мае катаюцца і жывуць як быццам нармальным жыццём, — прызнаецца шматдзетная маці.

“Пушылін сказаў, будзе дапамагаць — няхай гэта будзе больш маштабна”

Мар’яна ўцякала з Марыупаля ў 2022-м пасля доўгай аблогі і канчатковай акупацыі горада расійскімі войскамі. Ратавалася яна з немаўляткам на руках і малалетняй дачушкай. У Беларусь трапіла неспадзявана — проста кудысьці паехала за групай землякоў.

Па рэчы, прадукты на першы час і грашовую дапамогу пасля пераезду таксама звярталася ў Чырвоны Крыж. Але у Мар’яны ёсць яшчэ цэлы ліст прапаноў адносна таго, як украінская амбасада і ўлады маглі б дапамагчы палегчыць жыццё ўкраінцаў-уцекачоў.

— Я не ведаю, хто там працуе — грамадзяне Украіны ці грамадзяне Беларусі, але стаўленне… — жанчына падбірае словы і не можа апісаць свае ўражанні ад візіту ў амбасаду, але відавочна, што яны не вельмі прыемныя. — Можа, яны лічаць, што мы здраднікі, што прыехалі сюды і кінулі сваю краіну... Думаю, кіраўніцтва там трэба памяняць, заседзеліся. Калі б гэта было ў Рэспубліцы Беларусь, то прэзідэнт іх там бы ўжо памяняў.

Мар’яна таксама скардзіцца на тое, што зарэгістравацца на візіт у амбасаду вельмі складана. Да таго ж, незразумела, колькі “акенцаў” браніраваць, калі ідзеш афармляць дакументы не толькі на сябе, але і на ўсю сям’ю.

— Мала таго, што ты з бядой ідзеш, трапіць туды нерэальна! “Акенцы” на афармленне замежпаспартаў ледзь высвечваюцца. Прыехаць проста ў любы дзень ты не можаш — трэба сядзець і месяцамі лавіць гэтыя “акенцы”. Разумееце? Гэта ж не днямі, месяцамі!

Калі я туды прыйшла, каб “уклеіць” дзяцей у пашпарт, на мяне глядзелі, быццам я іншапланецянін. На сайце не пазначана, што для кожнага чалавека патрэбны асобны час. Я забраніравала “акенца” на 12 гадзін і падавала дакументы на дваіх дзяцей. А мне кажуць: чаму вы не занялі два “акенцы”? — кажа перасяленка з Марыупаля.

Па некалькі месяцаў чакаюць “акенцаў” на візіт: украінцы пра амбасаду ў Мінску
Вось ува што ператварыўся Марупаль, з якога ўцякала сям'я Мар'яны / t.me/polkazov

Мар’яна кажа, што гэта вельмі адчуваецца, што ў амбасадзе не хапае супрацоўнікаў. Але яна ўкраінцам у Беларусі патрэбна. І жанчына тлумачыць, чаму.

– Не хапае кампетэнтных спецыялістаў там. Хацелася б, каб пашырылі штат супрацоўнікаў.. У Беларусі жыве шмат украінцаў, такіх, як мы, толькі з іншых гарадоў. Хацелася б, вядома, каб там прысутнічаў натарыус, чалавек, у якога можна замовіць дакументы на ўласнасць кватэр, якія згарэлі. Каб потым я як грамадзянка магла атрымаць нейкія выпіскі аб сваім жыллі. Я не магу гэтага нідзе ўзяць — толькі ехаць ва Украіну. А я баюся. Бо страляюць кожны дзень, страляюць па ўсёй Украіне. Людзі ездзяць — няхай ездзяць, а я пасля Марыупаля нікуды ехаць не хачу, я баюся, — прыводзіць прыклад украінка.

Але ў той жа час яна скардзіцца на тое, што ва ўкраінцаў, якія ўсё ж ездзяць на радзіму, узнікаюць пытанні на беларуска-расійскай мяжы. Мар’яна лічыць, што гэтае пытанне таксама маглі б вырашыць дыпламаты… ці хоць хто-небудзь, хай сабе і кіраўніцтва акупаваных тэрыторый.

— Нам трэба ездзіць па асабістых патрэбах, там будоўля пачалася ў Марыупалі. Людзей здымаюць з цягніка на мяжы. Лукашэнка пісаў, чытала ў тэлеграм-канале, што прыязджаў Пушылін і сказаў, што будзе дапамагаць грамадзянам ДНР... Ну хацелася б, каб гэта было неяк больш маштабна, шырэй. Калі вы Саюзная дзяржава, то каб не было нам перашкод, разумееце? Каб хаця б нас пускалі дадому. Гэта крык душы, — заключае Мар’яна.

“Амбасада будзе працаваць у звычайным рэжыме”

Eўрарадыё атрымала пісьмовы каментар ад амбасады Украіны ў Беларусі наконт далейшай працы дыпламатычнага прадстаўніцтва пасля выкліку амбасадара ў Кіеў.

— Выклік амбасадара на кансультацыі не пацягне дадатковых цяжкасцяў з прыёмам наведвальнікаў, якія звяртаюцца ў амбасаду. Як вы памятаеце, колькасць супрацоўнікаў амбасады, на жаль, была беспадстаўна скарочаная ў 2022 годзе на патрабаванне беларускага боку, таму любое іх павелічэнне будзе залежаць перадусім ад рашэння кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў афіцыйным каментары ўкраінскай амбасады ў Мінску. — Выклік амбасадара (а не “адкліканне”) не мае дачынення да скарачэння супрацоўнікаў або паслуг, якія цяпер надаюцца, таму амбасада, як і раней, будзе працаваць у звычайным рэжыме і забяспечваць консульска-прававую падтрымку ўкраінскіх грамадзян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі