Вы тут

Па факце з'яўлення няякаснай вады ў Мінску распачалі крымінальную справу

Чарга па ваду ў Мінску. Чэрвень 2020-га / Reuters

Па факце з'яўлення няякаснай вады ў вадаправодзе ў Мінску распачалі крымінальную справу. Артыкул — "службовая халатнасць" (ч.2 ст. 428), паведамляе ў Telegram прэс-служба Следчага камітэта.

Вада з непрыемным пахам у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах з'явілася раніцай 24 чэрвеня (пазней праблема часткова закранула і суседнія раёны). Толькі на наступны дзень улады аб'явілі, што яе нельга піць. На вуліцах некалькі дзён стаялі аўтацыстэрны з вадой. Спецыялісты ніяк не маглі даць адказ на пытанне пра прычыну здарэння. Цяпер абставіны з'яўлення няякаснай вады высвятляюць следчыя.

"Паводле папярэдняй інфармацыі, паступленне не бясшкоднай па хімічным складзе вады ў вадаправод адбылося ў выніку бяздзейнасці або няякаснага выканання сваіх абавязкаў службовымі асобамі абслуговых арганізацый", — піша СК.

Следчыя дапытваюць работнікаў неназванага прадпрыемства, вывучаецца тэхнічная дакументацыя.Прызначана комплексная хімічная экспертыза па пробах вады, якія ўзялі ў розных раёнах сталіцы. Расследаванне кантралюе начальнік УСК па Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.