Organism: усе музыкі эгаісты, а я геній

Электронны музыка Паша Organism рэдка з’яўляецца ў клубах, грае ў неіснуючым стылі драг-электра і ўвогуле слаба ўяўляе, хто такія ды-джэі. Галоўнае –  творчасць: музыка, якой ён жыве ўжо 25 гадоў, і драматургія, якая дапамагае яму самавыяўляцца.




ЕРБ
: Рады цябе бачыць, Паша!) Распавядзі, калі ласка, нашым слухачам з чаго ўсё пачалося?

Organism: Гэта былі 80-ыя, і там быў самы рознабаковы вінегрэт: ABBA, Арабеск (анг. Arabesque), Алан Парсанс і іншыя васьмідзесятнікі. Дыскаў было вельмі шмат. Але тады назвы не пісаліся: бабіна грае, а што там – ніхто не ведае. Ужо пазней я даведаўся, што там быў запісаны Жан-Мішэль Жар, якога доўгі час круцілі ў нашых савецкіх планетарыях. Ён мне вельмі спадабаўся. Гэта быў 1984 год, а я сам з 1976. Потым мінула шмат часу. А тады ж быў Савецкі саюз, нічога асабліва нідзе не знойдзеш.

ЕРБ: Дзе ж ты знаходзіў музыку?

Organism: Мы запісвалі з тэлебачання ажно да развалу Савецкага саюзу, калі пачало нешта з’яўляцца. А яшчэ я хадзіў у студыю гуказапісу, вельмі часта. Быў любімы іх кліент. Выпісваў часопіс “Ровесник”. Гэта быў моцны часопіс для моладзі, а на адваротным боку былі фотаздымкі розных гуртоў. І калі мне падабалася вокладка, я запісваў назву і ішоў шукаць гэтую музыку.

ЕРБ:  І што гэта была за музыка?

Organism: Памятаю, мне гурт Хэлоўін спадабаўся – запісаў яго, потым балдзеў. Нават у метал перакінуўся трошкі. Потым надрукавалі фота французаў “Рокетс”, старая такая папса французская, ф’ючэрз-поп такі. Яны там на вокладцы ў серабрыстых касцюмах былі. Крута, падумаў я і пайшоў запісаў. Карацей, па вокладцы выбіраў. На слых жа ж ніяк. Потым доўга хадзіў вакол гэтай студыі, думаў, што ж гэта за “Крафтверк” такі. Назва прышпільная, вырашыў запісаць. Знайшоў іх запісы 1976 года і з тае пары маё жыццё змянілася, таму што я быў зачараваны і гукам, і тым што ў 78-ым годзе чувакі такія рэчы выраблялі ў плане музыкі. Далей было трошкі прасцей, бо пачалі з’яўляцца студыі з вялікімі каталогамі, можна было пісаць ужо што хочаш.

ЕРБ: З чаго пачаліся твае ўласныя музычныя эксперыменты?

Organism: Пачыналі мы ў клубе “Чатыры апельсіны”, што ў ДК Трактарнага завода знаходзіўся. Але там я цалкам ужывую граў, аб’яднаўшыся яшчэ з двума таварышчамі: вакалістам Сашам, басістам на паламанай бас-гітары і я на розных паламаных штуках.

ЕРБ: І што вы гралі?

Organism: Мы гралі ў бядноту (смяецца). Мы ніколі не рэпетавалі – гэта глупства. Прыходзілі, уключалі ўсё агулам у мікшар: мікрафоны, сінтэзатары, эквалайзеры, басуху, і пачыналі кнопкі націскаць. Атрымлівалася нешта незразумелае, індустрыяльна нойзавае, але было прышпільна. Мяне пёрла, таму што ўсё гэта было жывое, ніхто ніякіх прытэнзій не скажа. Быў вечар, калі вакаліст Саша ўвайшоў у раж. Самы прыемны момант, калі пачынаеш адзін аднаго адчуваць. Здараецца, рыбу нейкую кілбасіш, а потым оп! зловіш нешта і адчуваеш, што ўсе таксама нешта злавілі. Бразгочуць усе, але нешта потым атрымліваецца.

ЕРБ: Як доўга вы выступалі разам?

Organism: “Чатыры апельсіны” пераназвалі ў “Ворана”. Часцяком там арганізоўваліся такія жывыя штукі, але мы перасталі разам выступаць, а потым я сам пачаў выкарыстоўваць трошкі фанеркі з дыскаў, трошкі з сінтэзатараў.

 ЕРБ:Што зараз слухаеш?

 Organism: Ёсць тут невялікае расчараванне, таму што, на мой погляд, нічога новага ў электроннай музыцы асабліва не адбываецца. Дай Бог, каб я памыляўся. Пераклінілі такія штукі, кшталту R'N'B, неяк тупавата ўсё стала. Рэальнага прагрэсу, калі параўноўваць з 80-мі гадамі, калі столькі кірункаў, столькі рэальна вядомых каманд з’явілася, няма. Пра 70-ыя я прамаўчу. А калі ўзяць 2000-я гады... Напэўна нешта адбываецца, але да мяне яно не даходзіць... Можа, гэта таму, што апошнім часам я не імкнуся ісці ў нагу з часам. Хаця мне прыносяць альбомы каманд мінулага і гэтага года, і я не ведаю, што сказаць. Можа, я дарма нечага чакаю. А, можа, я і не чакаю нічога.

ЕРБ:А ці выкарыстоўваеш ты матэрыялы іншых музыкаў, калі пішаш сваю музыку?

Organism: Я ні на каго не арыентуюся – гэта факт. Не адмаўляюся, калі пачую нешта прышпільнае, магу часам выкарыстаць. І ўвогуле даўно заўважыў: нават калі я буду спрабаваць пад нешта падкасіць, я ведаю, што на выхадзе будзе нешта новае. Але каб я сказаў “Вось хачу, каб з такім гучком, як ў “Depeche Mode”. Не. Нехта, можа, так і робіць. А ў прынцыпе, кожны як хоча так хай і робіць.

ЕРБ: Хто і куды часцей за ўсё запрашае граць?

Organism: Такога не было “Паша, прыходзіць пайграць танцавальнае ці нешта яшчэ". У асноўным у гэтых усіх тусоўках варацца адны і тыя ж людзі, твары ўсе пазнаеш нават. І, як правіла, арганізацыйныя пытанні вырашаюць таксама адны і тыя ж людзі. Таму мы ўсе адзін аднаго ведаем: ад каго чаго чакаць і як яно што будзе выглядаць. Вельмі мне падабаюцца сяброўскія вечары, што летам пастаянна праводзяцца. У машыну загружаем генератар і выязджаем тупа ў лес. Граем у стылі драг-электра (смяецца).

ЕРБ: Тую музыка, якую ты граеш, ніколі не будуць слухаць шмат людзей і ніколі шмат людзе не зразумее.

Organism: Я без прэтэнзіяў. Няма такога, што я па нейкаму пратаптанаму шляху іду і некуды хачу прыйсці. Да музыкі я стаўлюся як да хобі. Я яшчэ драматургіяй займаюся, кніжка ў Францыі выйшла, пастаноўкі праходзяць у Еўропе. Гэта таксама хобі. З задавальненнем бы кінуў будоўлю і зарабляў на жыццё музыкай і драматургіяй. Гэта мае ружовыя мары.  Але як гэта? Дзе мы жывем-то...

ЕРБ: Пісаць музыку ты нідзе не вучыўся?

Organism: Не, я геній.

ЕРБ: Ці ведаеш ты, што адбываецца ў нашай беларускай электроннай тусоўцы?

Organism: Я не ведаю, што адбываецца ў электроннай музыцы ў нас зараз. Гэта дрэнна, я сам ведаю. Я баюся аднаго: што нічога не мяняецца. Я глядзеў раней па якасці выступленняў. З адным патэнцыялам мы выступалі ў 2004 годзе, тое ж самае было ў 2005 і ў 2006. Усё на адным узроўні арганізавана. Я разумею, пацаны ўсё гэта за свае грошы – ні да каго прытэнзіяў няма. У нас, мне здаецца, толкам нічога не мяняецца. У 2007 тыя ж самыя вечарыны з тымі ж самымі праблемамі, з тымі з самымі загонамі, ўсё тое ж самае. Можа быць, я не туды хадзіў...

ЕРБ: Што рабіць, Паша?

Organism: Я за тое, каб у людзей была альтэрнатыва, магчымасць выбару, магчымасць некуды пайсці. Мне здаецца, усё б разрулілася. Аднойчы вырашыў пахадзіць па такіх клубах як “Ізюм”, “Рэактар” і іншыя. Стаўлю сваю праграму і кажу, што вось такую праграму магу прапанаваць. "Добра, толькі ў цябе чылаўт, а мы чылаўт не граем", - кажуць мне. Я спытаў тады дзеля цікавасці, што яны граюць. І вось мне паставілі танцавальнае тэхна сярэдзіны 90-х. Безумоўна, ні да каго ніякіх прэтэнзіязў няма, але мне сумна, што нічога нікуды не рухаецца, а галоўнае, каб прыйшоў народ, каб яны пасядзелі ў бары і потым падрыгаўся і сыйшоў. Гэта нармальна. Але ж я кажу, што мы са сваёй незразумелай музыкай не прэтэндуем на пятніцу ці на суботу.

ЕРБ: Як музыка, распавядзі пра сваё стаўленне да дыджэінгу?

Organism: А я музыка?

ЕРБ: Так.

Organism: Ага. Ну, дыджэінг для мяне – гэта цёмны лес. Гэта для мяне дужа цяжка. Напэўна, гэта абсурд. Мне заўсёды была цікава асабістая творчасць. Калі я слухаю дыджэя, я чую вельмі класныя рэчы, я іх часта ў плэеры слухаю. Але каго мне хваліць, класныя гурты ці дыджэяў, якія граюць класныя гурты. У плане таго, як дыджэі зводзяць – здорава. Я напрыклад, і кнопкі не тыя націскаў, і вырубаў увогуле ўсё: хацеў дыск адкрыць, а націскаў на паўэр. У гэтым плане ў прафесійных дыджэяў усё без сучка без задзірынкі.

ЕРБ:Якія крытэры ацэнкі музыкі, на твой погляд...

Organism: Нашыя любяць разбор палётаў, абажаюць проста: як ты вось гэта, што ты хацеў гэтым сказаць. У Францыі, дзе я быў, крытэры элементарныя: чалавек прыходзіць у такія месцы добра пабавіць час і ўсё. І калі ты добра правёў час, то казаць больш няма пра што. Калі чалавек добра правёў час, гэта значыць, яму ўсё ў комплексе спадабалася, пачынаючы ад утульнасці памяшкання, ад прыемных афіцыянтаў і заканчваючы добра падабранай музыкай. Я таксама за гэта.

ЕРБ: Ці можаш ты падказаць, як разумець тваю музыку?

Organism: Ёсць такі кірунак — концэпт м'юзік. Гэта розныя шумы, электрычкі, цягнікі, лес, тэлевізар працуючы, дзверы. Афігенна здорава. Гэта ўсё прысутнічае вакол. А слухаць гэта як музыку — гэта здорава. Як можна зарыентаваць, накіраваць людзей на такія рэчы? Я не ведаю. Альтэрнатыўная эксперыментальная музыка падабаецца 5% аўдыторыі, такая будзе - з гэтых працэнтаў яшчэ аднаму.

ЕРБ: Ці выкарыстоўваеш ты элементы концэпт м'юзік, калі пішаш сваю музыку?

Organism: Здараецца. Ёсць трэкі, дзе тры гадзіны ідзе неслухабельны радыёфон. Глупа некаму гэта паказваць, але я гэта слухаю. Можа быць, гэта шызафрэнія, хаця наўрад ці. Ёсць жа кружэлкі, на якіх нічога не запісана. Дафіга такіх рэчаў. Гэты рух, дарэчы, называецца антымузыка. Ёсць дыскі, якія паміж стальнымі лістамі гайкамі закручаны. І не адкруціш, дарэчы. Пласцінкі, што граюць задам наадварот. Ці пашарпаныя. Ці прадаюць у брудзе. Гэта ў прынцыпе музычны кірунак, але як можна людзей накіраваць на гэта? Гэта проста існуе і ўсё. Гэта тваё ці не. Можа быць, гэтыя людзі калекцыянеры. Дарэчы, зарыентаваць людзей – гэта можа быць задача дыджэя. Таму для мяне гэта цёмны лес. Дзеля гэтага трэба назіраць, адчуваць і г.д.

ЕРБ: Пра што такая музыка?

Organism: Аўтар у сваіх працах перш за ўсё пра сябе распавядае. Гэта ўсё хлусня, што гэта пра каханне, мая дзяўчына тут адлюстравана. Гэта трызненне! Любы музыка распавядае пра сябе, таму што творчыя людзі вельмі вялікія эгаісты.

Фотаздымкі з архіву Organism'а

Можаце пазнаёміцца з музыкай Organism'а:




    
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі