Open Air Test Sets/Tones дэсантаваўся пад Гродна адразу трыма танцполамі (фота)

Тры беларускія промагрупы – Electrofood, DrummAndBass[BY] і Euthanasia – у суботу правялі сумесны Open Air Test Sets/Tones, сабраўшы з паўтысячы маладзёнаў у лесе пад Гродна. Арганізатары прадставілі тры асноўныя накірункі электроннай музыкі і дваццаць ды-джэяў, што гралі аж на трох сцэнах ў начным лесе пад Гродна.
Замест таго, каб класціся ў ложак, у суботу на ноч гледзячы, я апранулася нібы ў паход і рушыла на самы ўскраек Гродна. Колькі хвілінаў на аўтобусе, і – я ўжо была, дзе промагрупы – Electrofood,DrummAndBass[BY] і Euthanasia арганізавала Open Air Test Sets/Tones. У лесе размясціліся тры танцполы на любы густ аматараў электроннай музыкі. Пра "напаўненне" галоўнага з іх распавядае Electro, галоўны арганізатар і прадстаўнік промагрупы ELECTROFOOD:

Electro: "Галоўны танцпол тут прадстаўляе LIVE music. Гэта людзі, што граюць сваю аўтарскую музыку. У нас вельмі мала музыкаў, каб прадстаўляць толькі эмбіент на адным танцполе, ці толькі тэхна. Немагчыма пабудаваць танцпол LIVE, на якім будзе прадстаўлены адзін стыль. Мала людзей, мала музыкаў. Бярэм усіх, хто трапляецца, спрабуем працаваць з аднымі, з другімі".



На гэтым галоўным танцполе ад Electrofood грала самая вялікая колькасць ды-джэяў:

Coda, CH, Orange, Exnistagm, Gexid, Pavel Ambiont і іншыя, таму ён уражваў міксам неверагоднай колькасці несумяшчальных, здавалася б, стыляў. Dj Adrin з промагрупы EUTHANASIA параўнаў падзеі на Live-сцэне з тым, што звычайна дзеецца на Казантыпе, і адзначыў, што такая музыка падыходзіць практычна для кожнага:

Dj Adrin: "Там музыка рэйва, пачатак 90-х. Музыка аля Казантіп ці нешта ў гэтым родзе. Простая, лёгкая музыка для вялікай колькасці людзей, якія могуць прыйсці на яе незалежна ад таго, слухалі яны такую музыку ці не, і яна іх будзе ў прынцыпе задавальняць. Яна не будзе раздражняць. А, як кажуць, усё новае вельмі моцна раздражняе ў першы час..."



На другім танцполе граў неўміручы драм-энд-бэйс. Але з-за цеснага памяшкання на гэтым оўпэне ён атрымаўся дужа жорсткім нават для трэніраваных аматараў. Таму некаторыя рэйверы у прамым сэнсе беглі адтуль, нягледзячы на вядомых ды-джеяў Subway Funk, Valcool,Izo,Io, Nobel i Tenix, якіх прадставіла промагрупа DrummAndBass[BY]:

Наведнік: "Я люблю драм, але там трохі памяшканне...яно нібыта навісае, груз такі. Двесці чатырнацаць кіло і ўсё такое".

Што тычыцца трэцяга, трансавага танцпола, які прадставіла Euthanasia, то ён быў выкананы ў традыцыйным жанры: самы лепшы транс ад dj Flo,Uvhiol,Trick,Adrin, Деласа і dj Kendoo плюс шмат флюарысцэнту ды лазераў.



Што ж тычыць агульнай ацэнкі open-air'а, то тут яго наведнікі сышліся – начная імпрэза ў лесе пад Гродна ўдалася:

"Вам трэба тут проста адпачываць! Тут усё крута! Уявіце, што вы чалавек, вы цудоўны і незвычайны! Проста вы тут і гэта ўсё для вас! Адпачывайце!"

"Першы раз тут. Ня ведаем, яшчэ не асвоіліся. Арыгынальна, але нешта такое... Не ведаю, паглядзім".

"Гэта нешта непараўнальнае! Такога нідзе няма! Гэта проста супер,эмоцыі пруць. Гэта музыка ў гэтых абставінах – гэта сапраўды экстаз".







Такім выдаўся Open Air Test Sets/Tones, які прайшоў у лесе пад Гродна, дзе і была Тося Кукс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі