Вы тут

"Нявесту ў БЧБ-сукенцы" аштрафавалі на 675 рублёў і забралі сукенку

Іна Зайцава / s13.ru

Мінчанку Іну Зайцаву ў Гродне аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях на 675 рублёў (25 базавых велічыняў) і канфіскавалі бел-чырвона-белую сукенку, піша Блог Гродна s13.ru.

Іна Зайцава вядомая ўдзельнікам акцыяў пратэсту як "нявеста ў бел-чырвона-белай сукенцы". Менавіта ў такім адзенні яна выходзіла на вуліцы. У суботу, 31 кастрычніка, мінчанка прыехала ў Гродна падтрымаць страйкоўцаў з прадпрыемства "Гродна Азот". Там яе і затрымалі. 

Суд над ёй мусіў прайсці 2 лістапада, але ў справе выявілі недакладнасці і адправілі на дапрацоўку. У аўторак, 3 лістапада, суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Віталь Лабацкі вынес мінчанцы прысуд. 

Пасля вызвалення Зайцава расказала журналістам, што яе ўзялі на "жыўца".

"Затэлефанавалі, сказалі, што вельмі хочуць сфатаграфавацца, маўляў, прачыталі ў чаце, што я прыехала ў Гродна. Прасілі, каб я не з'язджала, пакуль не сфатаграфуюся з імі. Ну, мы спыніліся. Пад'ехаў аўтобус — з яго выйшлі амапаўцы і пачалі выцягваць мяне з машыны", — згадвае мінчанка.

У камеры яна зняла сваю сукенку і засталася ў куртцы і джынсах. На наступны дзень міліцыянты папрасілі аддаць сукенку, каб сфатаграфаваць для матэрыялаў справы. А пасля гэтага славутую сукенку так і не вярнулі. Суд вырашыў, што яна будзе захоўвацца разам са справай як рэчавы доказ.

Іна Зайцава плануе абскарджваць прысуд і пастараецца вярнуць сваю сукенку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.