Вы тут

“Няважна, хто за рулём: усе балы за парушэнне пойдуць аўтаўладальніку”

Фота: adt.by

Міністэрства ўнутраных спраў прапануе за парушэнні правілаў дарожнага руху налічваць штрафныя балы. І тых, хто цягам года назбірае 15 такіх балаў за, да прыкладу, зафіксаваныя відэакамерамі перавышэнне хуткасці, на шэсць месяцаў ператвораць у пешаходаў — пазбавяць правоў кіроўцы. Незалежна ад таго, хто быў на той момант за рулём, кажа аўтамабільны эксперт, галоўны рэдактар аўтамабільнага партала ABW.by. Аляксей Хвашчынскі.

“Людзі будуць часцей задумвацца пра тое, каб штраф перапісаць на рэальнага парушальніка — чалавека, што быў за рулём. Для гэтага будуць звяртацца ў ДАІ, афармляць дакументы будуць, паперы пісаць адпаведныя, і дакументазварот стане яшчэ большым, чым цяпер. Аддзелы практыкі ДАІ будуць заваленыя папяровай працай яшчэ больш. У іх і цяпер працы столькі, што не заўсёды паспяваюць да адказнасці прыцягнуць. У нас тэрмін прыцягнення да адказнасці — два месяцы, і не заўжды паспяваюць аформіць паперы. А калі прымуць гэтую бальную сістэму, то не паспяваць будуць яшчэ больш. Бо наўрад ці спецыяльна для гэтага будуць набіраць дадатковы персанал і пашыраць кадры”, — кажа госць жывога эфіру Еўрарадыё.

“Перапраграмаваць” камеры відэафіксацыі такім чынам, каб яны фатаграфавалі не нумар аўтамабіля, а твар кіроўцы, і вызначалі сапраўднага парушальніка, не атрымаецца, кажа Хвашчынскі. І таму прапаноўвае ўвогуле прыбраць з сістэмы налічэння штрафных балаў парушэнні, зафіксаваныя камерамі. Тым больш што, на думку эксперта, найбольш гэтая прапанова МУС ударыць не па звычайных аўтааматарах, а па прафесіяналах — таксістах і дальнабойшчыках.

Апроч штрафной бальнай сістэмы распрацоўшчыкі законапраекта прапануюць падзяліць аўтааматараў на тых, хто ездзіць на машыне з механічнай каробкай перадач, і ты, хто з аўтаматычнай. Прыхільнікам “аўтамата” мяркуюць ставіць адпаведную метку ў правы, якая не дазваляе ездзіць на “механіцы” без пераздачы экзаменаў у ДАІ. Таксама прапануецца “легалізаваць” квадрацыклы — каб імі кіраваць, трэба будзе вучыцца, здаваць экзамены і атрымліваць правы кіроўцы.

Цяпер распрацаваны МУС законапраект праходзіць працэдуру грамадскага абмеркавання. Што з заўваг аўтааматараў у выніку будзе ўлічанае, у якім выглядзе дакумент трапіць у Палату прадстаўнікоў, пакуль казаць цяжка, кажа Аляксей Хвашчынскі.

 

Цалкам размову з Аляксеем Хвашчынскім можна паглядзець тут: