Новыя правілы "растаможкі" каштуюць бюджэту Беларусі $5 млн. штомесяц

Праз новыя правілы "растаможкі" для юрыдычных асобаў, якія набылі моц з 1 студзеня 2010 года, бюджэт Беларусі недаатрымлівае 5 мільёнаў долараў штомесяц. Пра гэта распавёў Еўрарадыё аналітык беларускага аўтарынка, рэдактар партала "Домкрат" Зміцер Навіцкі: Зміцер Навіцкі: "З кожнага аўтамабіля пры сярэднім яго кошце ў 23 тысячы долараў у бюджэт краіны, па маёй інфармацыі, трапляла прыкладна $5,5 тысяч. Але калі кожны месяц у 2009 годзе ў бюджэт трапляла прыкладна 8 мільёнаў долараў, дык сёлета гэтая лічба знізілася да 3 мільёнаў. Гэта тлумачыцца тым, што людзі не купляюць аўтамабіль у афіцыйных дылераў. Яны набываюць іх самастойна, выязджаючы ў Літву ці ў Польшчу. Часцей за ўсё — у Літву".

Па словах адмыслоўцы, ранейшым попытам з пачатку 2010-га карыстаюцца толькі танныя малалітражкі, для якіх розніца ў "ратаможцы" да і пасля Новага года атрымалася нязначнай. Па звестках "Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі", лідэр продажаў сёлета — Daewoo Matiz. Затое продажы аўтамабіляў прэміум-класу з вялікімі аб'ёмамі рухавікоў амаль спыніліся.

Прычына — высокія мытныя пошліны. Рэдактар "Домкрата" кажа, што на аўто коштам у 50 тысяч еўра яны могуць скласці ад 20 тысяч і вышэй. Таму, паглядзеўшы і "памацаўшы" дарагія аўтамабілі ў шоў-румах мінскіх дылераў, людзі едуць па абраную камплектацыю за мяжу.

Па статыстыцы, за першыя 4 месяцы 2010 года афіцыйныя дылеры прадалі толькі 1519 аўтамабіляў. Аб'ёмы продажаў паменшыліся ў 4 разы. Доля "афіцыйных" продажаў — усяго 33% ад усіх зарэгістраваных новых аўто. Астатнія 67% былі ўвезеныя па "шэрых" схемах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі