Новы суд над палітзняволенай журналісткай Кацярынай Андрэевай пачнецца 4 ліпеня

Пра гэта напісаў яе муж Ігар Ільяш.
4 ліпеня пачнецца новы суд над палітзняволенай журналісткай Кацярынай Андрэевай. Пра гэта паведаміў яе муж Ігар Ільяш.
"Справу будзе разглядаць Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме.
Нагадаю, Каця знаходзіцца за кратамі з 15 лістапада 2020 года. Па новай справе ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі", — напісаў Ільяш у Фэйсбуку.
Андрэеву вінавацяць у здрадзе дзяржаве. На чым грунтуецца абвінавачанне, невядома, бо следства, як казаў Ільяш, праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасці.
Кацярына Андрэева была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Яе разам з Дар'яй Чульцовай прызналі вінаватамі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). На волю палітзняволеныя журналісткі мусілі выйсці 5 верасня 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.