Новы альбом Rammstein у Германіі можна набыць толькі даросламу і з-пад палы

Улады Германіі прынялі рашэнне забараніць публічную дэманстрацыю вокладкі новага альбома гурта Rammstein "Liebe ist Fur Alle Da", паведамляе Billboard. Дзяржаўны камітэт па вывучэнні ўздзеяння аўдыёвізуальнай інфармацыі на моладзь прыйшоў да высновы, што дызайн вокладкі можа кепска паўплываць на юных меламанаў.

Як мяркуюць у камітэце, выява на вокладцы альбома Rammstein занадта неадназначная. На фотаздымку, які выкарыстаны гуртом у якасці вокладкі альбома, у акружэнні ўдзельнікаў гурта ляжыць аголеная жанчына, над якой трымае разборачны нож вакаліст Rammstein Ціль Ліндэман.

Паводле камітэта, афармленне вокладкі прапагандуе ідэі садамазахізму. У сувязі з гэтым з 11-га лістапада пласцінка "Liebe ist Fur Alle Da" будзе прадавацца ў Германіі абмежаваным тыражом. Альбом проста прыбяруць з паліцаў крам, каб не траўмаваць псіхіку юных аматараў музыкі. Набыць яго змогуць толькі дарослыя людзі пры прад’яўленні дакумента кшталту пашпарта.

Апроч вокладкі, абурэнне экспертаў выклікала і відэа на песню "Pussy", аднак яго пакуль не забаранілі. Тым не менш, Rammstein пазбавілі права выконваць песню "Ich tue Dir weh", тэкст якой падаўся камітэтчыкам непрыстойным. Удзельнікі Rammstein сітуацыю не каментуюць.

Нагадаем, альбом "Liebe ist Fur Alle Da" выйшаў у кастрычніку 2009-га года і стаў шостым па ліку ў дыскаграфіі гурта. На дадзены момант пласцінка займае другое месца ў адным з чартаў Billboard і ўзначальвае нацыянальны нямецкі хіт-парад.

Фота: listtop.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі