Вы тут

Новая кіраўніца МЗС ФРГ пра Лукашэнку: Нельга дазваляць дыктатарам шантажаваць

Аналена Бербок / Reuters

Новая кіраўніца МЗС Германіі Аналена Бербок выступае за ўзмацненне санкцый у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв'ю выданню Spiegel. Вытрымкі з інтэрв'ю прыводзіць ТАСС.

"Часы зусім не простыя. Мы назіраем за падвойным шантажом з боку Лукашэнкі", — адзначыла Бербок. З аднаго боку ён выкарыстоўвае бежанцаў, каб раскалоць Еўропу, а з другога, хоча, каб еўрапейцы прызналі яго партнёрам па перамовах, нягледзячы на ўціск апазіцыі.

"Дыктатарам нельга дазваляць шантажаваць. Таму правільна зрабіць больш жорсткімі санкцыі і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі", — заявіла Аналена Бербок. Пры гэтым яна дапусціла магчымасць кантактаў з Мінскам.

"Без дыялогу нельга праводзіць замежную палітыку. Мы ж гаворым і з "Талібанам", каб даставіць людзей у бяспечнае месца", — адзначыла яна. Аднак будучая кіраўніца нямецкай дыпламатыі таксама лічыць, што "ўсё ж не канцлер павінна была тэлефанаваць Лукашэнку".

Нагадаем, у перыяд абвастрэння міграцыйнага крызісу выканаўца абавязкаў канцлера ФРГ Ангела Мэркель двойчы размаўляла з Лукашэнкам па тэлефоне. Паводле версіі беларускага боку, была дасягнутая нейкая дамоўленасць, паводле версіі нямецкай, бакі ні пра што не дамовіліся.

Сустаршыня партыі "Зялёныя" Аналена Бербок стане першай жанчынай — міністрам замежных спраў ФРГ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.