Вы тут

Новак Джокавіч праз суд дамогся права застацца ў Аўстраліі

Новак Джокавіч / Getty Images

Тэнісіст Новак Джокавіч можа застацца ў Аўстраліі. Так вырашыў мясцовы суд, адмяніўшы рашэнне ўладаў краіны пра дэпартацыю першай ракеткі свету, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Джокавіч прыляцеў на турнір Вялікага шлема Australian Open. Аднак аўстралійская памежная служба анулявала яго візу: у спартоўца не было дакументаў пра вакцынацыю ад каранавіруса.

Тэнісіст аспрэчыў гэтае рашэнне ў судзе. Яго адвакаты паведамілі, што арганізатары турніру вызвалілі Джокавіча ад абавязковай вакцынацыі, а потым Міністэрства ўнутраных спраў даслала яму ліст з дазволам уезду ў краіну. Па словах адвакатаў, тэнісіст перахварэў на каранавірус у снежні, таму атрымаў медыцынскі адвод ад абавязковай вакцынацыі. 

Сам сербскі спартовец чакаў рашэння суда ў Мельбурне ў цэнтры для мігрантаў, якія чакаюць дэпартацыі. Раней ён публічна выступаў супраць абавязковай вакцынацыі.

Аднак нават станоўчае рашэнне суда не дае гарантыі, што Джокавіч зможа прыняць удзел у турніры. Міністр па справах міграцыі мае права зноў ануляваць яго візу.

Турнір Australian Open пройдзе з 17 па 30 студзеня. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.