“Ніхто яго адмазаць не хоча”, — пад Мінскам чарговае ДТЗ з удзелам міліцыянера

“Ніхто яго адмазаць не хоча”, — пад Мінскам чарговае ДТЗ з удзелам міліцыянера

Вечарам 30 снежня 2016 года на трасе Слабада-Навасяды, непадалёк ад вёскі Крывая Бяроза Смалявіцкага раёна пад коламі машыны загінула жанчына. Паводле папярэдняй інфармацыі, жанчына пераходзіла дарогу “недалёка ад пешаходнага перахода”. Як паведамілі Еўрарадыё ў Следчым камітэце, па факце ДТЗ распачатая крымінальная справа.

“Ёсць справа па артыкуле 317 частка 2: “Парушэнне правілаў дарожнага руху альбо эксплуатацыя транспартных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека ці нанясенне цяжкога цялеснага пашкоджання”. Казаць, што там быў пешаходны пераход, ці яна ішла па пешаходным пераходзе, недалёка ад яго ці па-за пешаходным пераходам, цяпер не магу. Будзе праводзіцца экспертнае даследаванне, якое высветліць, дзе дакладна яе збілі”, ― кажа афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

Па інфармацыі праваахоўных органаў, кіроўца аўтамабіля з месца ДТЗ уцячы не спрабаваў, а экспертыза паказала, што быў ён цвярозы. Тым не менш, менавіта гэтае ДТЗ актыўна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках вось ужо не адзін дзень. Прычына ў кіроўцы: відавочцы сцвярджаюць, што за рулём аўтамабіля быў супрацоўнік міліцыі з Барысава.

Намеснік начальніка Барысаўскага РУУС па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Андрэй Шутко каментаваць здарэнне адмаўляецца.

“Мы пакуль пакінем гэта без каментарыяў — будзем разбірацца”, — кажа Андрэй Шутко ў адказ на пытанне пра ўдзел у ДТЗ супрацоўніка іх РУУС.

Як стала вядома Еўрарадыё з інфармаваных крыніц у праваахоўных органах, наезд на жанчыну сапраўды здзейсніў дзеючы супрацоўнік Барысаўскага РУУС. Па словах нашага суразмоўцы, міліцыянер быў не на службе, ехаў па асабістых справах, быў цвярозы і не спрабаваў уцячы з месца здарэння. Маўляў, не трэба акцэнтаваць увагу на месцы яго працы, бо любы кіроўца не застрахаваны ад верагоднасці трапіць ў дарожна-транспартнае здарэнне. І запэўнівае, што ніхто замаўчаць справу альбо “адмазаць” супрацоўніка міліцыі не спрабуе ― следчыя раённага ўпраўлення Следчага камітэта разбіраюцца ў сітуацыі.

Раней, 26 лістапада ў вёсцы Дарава Ляхавіцкага раёна часова выконваючы абавязкі начальніка ДАІ Баранавіцкага ГУУС у нецвярозым стане збіў 36-гадовую жыхарку Слуцка. Жанчына загінула, у дачыненні да міліцыянера распачатая крымінальная справа, ён знаходзіцца пад вартай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі