Вы тут

Нідэрланды абвінавацілі спецслужбы Расіі ў спробе кібератакі на АЗХЗ

Фота: Reuters

Міністэрства абароны Нідэрландаў паведаміла, што 13 красавіка прадухіліла кібератаку Расіі на Арганізацыю па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ). Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Гаазе паведаміла міністр абароны краіны Анк Бейлевелд, перадае Бі-Бі-Сі.

У той жа дзень з Нідэрландаў выслалі чатырох расіян з дыпламатычнымі пашпартамі. На думку ўладаў краіны, высланыя мужчыны з'яўляюцца супрацоўнікамі ГРУ. Яны спрабавалі атрымаць доступ да бесправадной сеткі штаб-кватэры АЗХЗ. 

У аднаго з мужчын забралі ноўтбук. Па словах Бейлевелд, гэты ж самы ноўтбук выкарыстоўваўся ў Малайзіі, каб атрымаць несанкцыянаваны доступ да файлаў пра катастрофу рэйса MH-17 у Данбасе.

На прэс-канферэнцыі паказалі фатаграфіі падазраваных расіян. Былі агучаныя іх імёны: Аляксей Марэнец, Яўген Серабракоў, Алег Сотнікаў і Аляксей Мінін. Галандская разведка лічыць, што ўсе яны — супрацоўнікі 5-га Галоўнага цэнтра спецыяльнай службы ГРУ (в/ч 26165). 

Дарэчы, у аднаго з расіян знайшлі квітанцыю на таксоўку ад будынка ГРУ да аэрапорта.

Прадстаўнік Вялікабрытаніі на гэтай жа прэс-канферэнцыі паведаміў, што службоўцы гэтай жа вайсковай часці атакавалі сетку МЗС Брытаніі неўзабаве пасля атручвання Сяргея Скрыпаля.

Адзначым, што АЗХЗ удзельнічае ў расследаванні хімічных нападаў у Сірыі і атручвання экс-супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў брытанскім Солсберы.