Ні кроку без Лукашэнкі: ці будзе толк ад дзярждыпламатаў на канферэнцыі ў Вене?

Канцлер Аўстрыі Аляксандэр Шаленберг і Святлана Ціханоўская / tjournal.ru
Канцлер Аўстрыі Аляксандэр Шаленберг і Святлана Ціханоўская / tjournal.ru

22 лістапада ў Вене адбудзецца міжнародная канферэнцыя, якая прадугледжвае дыялог па "беларускім пытанні". Да канца не зразумела, ці будзе анансаванае канцлерам Аўстрыі мерапрыемства выступаць у якасці менавіта перамоўнай пляцоўкі паміж апазіцыяй і дзейнымі беларускімі ўладамі.

На сустрэчу, па словах Франка Вячоркі, будуць запрошаныя прадстаўнікі Расіі "на ўсіх узроўнях". Ці зменіцца вектар паводзінаў расійскіх уладаў у дачыненні да беларускага рэжыму пасля канферэнцыі?

— Я не кажу, што мой выступ на канферэнцыі або выступ беларусаў неяк паўплывае на Пуціна, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё старшыня партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук. — Трэба разумець, што ў Лаўрова [кіраўнік МЗС РФ. — Еўрарадыё] і Пуціна сваіх праблем у Расіі досыць, палітычная сітуацыя там таксама даволі складаная, падтрымка Пуціна вельмі нізкая. Але [калі Расія будзе прысутнічаць на канферэнцыі. — Еўрарадыё] дакладна гэта будзе так: Захарава пойдзе да Лаўрова, Лаўроў пойдзе да Пуціна. Што Пуцін скажа — я не ведаю, але калі інтарэсы будуць супадаць, то і выбары [датэрміновыя. — Еўрарадыё], магчыма, пройдуць у Беларусі.

А чаго чакаць пасля канферэнцыі ад цяперашніх беларускіх уладаў? Ці змогуць іх пасланнікі самастойна, без указкі зверху пра нешта дамовіцца і прыняць узважаныя рашэнні?

— Яны [пасланнікі. — Еўрарадыё] — дакладна не. Рашэнні прымае адзін чалавек, так пабудавана беларуская палітычная сістэма. Трэба разумець, што МЗС будзе адсочваць рашэнні гэтай канферэнцыі. Уся аналітыка наконт такіх мерапрыемстваў дакладна ляжа на стол Лукашэнку.

Можа быць, будзе заява з боку ЕС у плане кампрамісу або пасылу пра тое, што трэба дамаўляцца, таргавацца за скасаванне санкцый. Можа, будзе пазіцыя Расіі, і, нават калі яна не будзе выказаная на канферэнцыі, у канчатковым выніку Лукашэнка з Пуціным пагавораць. Але такога роду мерапрыемствы не праходзяць у палітыцы бясследна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі