Незалежная Шатландыя: у NATO і ЕС, з брытанскім фунтам і не ў Шэнгене

26 лістапада шатландскі ўрад прэзентаваў амаль 650-старонкавы дакумент пад назвай “Шатландская будучыня: ваш даведнік па незалежнай Шатландыі”. Даведнік, альбо “Белая кніга”, апісвае, што будзе адбывацца з міграцыяй, пенсіямі, адукацыяй і іншымі аспектамі жыцця, калі шатландцы прагаласуюць на рэферэндуме за аддзяленне ад Вялікабрытаніі.

“Наша бачанне незалежнай Шатландыі палягае ў вяртанні ёй месца роўнага члена ў сям’і народаў. У той жа час незалежнасць — не самамэта, а спосаб змяніць Шатландыю да лепшага”, — кажа кіраўнік урада Алекс Салманд.

Згодна з дакументам, краіна будзе імкнуцца ўступіць у ЕС у якасці паўнапраўнага сябра ў дзень атрымання незалежнасці, далучыцца да NATO, абзавядзецца ўласным войскам і адмовіцца ад брытанскай ядзернай зброі. Але еўра не прыме і застанецца з брытанскім фунтам. Ці такое магчыма? Такія сумневы выказваюць у Лондане. На што спадар Салманд кажа аб “пазёрстве” брытанскіх палітыкаў, якія ў выніку пакінуць у Шатландыі фунт, бо так будзе выгадней для ўсіх.

Кіруючая Шатландская нацыянальная партыя, якая з’яўляецца галоўным ініцыятарам незалежнасці, вырашыла перацягнуць на свой бок і жанчын, паабяцаўшы рэвалюцыю ў сацыяльнай палітыцы догляду за дзецьмі.

Да рэферэндума аб незалежнасці, які адбудзецца ў верасні 2014-га, застаецца менш за год. Ці пераканаюць шатландцаў аргументы “Белай кнігі” прагаласаваць “за”? Алістэра Дарлінга, кіраўніка кампаніі Better Together, што выступае за знаходжанне ў складзе Вялікабрытаніі, не пераканалі.

Алістэр Дарлінг: “Гэта фантастыка — сказаць, што мы можам выйсці з Вялікабрытаніі, але захаваць усе перавагі сяброўства ў Вялікабрытаніі. “Белая кніга” з’яўляецца мастацкім творам, яна тоўстая з ілжывымі абяцаннямі і бессэнсоўнымі сцвярджэннямі”.

На цяперашні момант большасць шатландцаў, відаць, думаюць гэтак сама. 38% з іх, згодна з апытаннямі, падтрымліваюць незалежнасць і 47% выступаюць супраць.

Для беларусаў жа незалежнасць Шатландыі будзе азначаць хіба што з’яўленне яшчэ адной краіны на мапе. Бо, згодна з “Белай кнігай”, новая дзяржава не плануе ўступаць у Шэнген, а гэта значыць, што для ўезду туды спатрэбіцца дадатковая віза.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі