Незалежнаму кандыдату забаранілі сустрэчу з выбарцамі ў ПК "Граніт"

Як паведамляе інтэрнэт-партал "Медыя-Палессе", незалежны кандыдат у дэпутаты ў Мікашэвіцкі гарсавет Леанід Дубаносаў спрабаваў арганізаваць сустрэчу з выбарцамі ў зале Палаца культуры “Граніт”. Дзеля гэтага ён аднёс заяву на правядзенне мерапрыемства дырэктару ўстановы.





Праз нейкі час у кабінеце дырэктара з’явіўся старшыня Мікашэвіцкага гарвыканкама Анатоль Давыдовіч, які наклаў вета на заяву з фармулёўкай: “Катэгарычна супраць, у сувязі з правядзеннем рамонтных работ”.





Леанід Дубаносаў сцвярджае, што ніякага рамонту ў будынку Палаца культуры не вядзецца, а старшыня гарвыканкама наўпрост умешваецца ў перадвыбарчую кампанію. Дарэчы, сам чыноўнік балатуецца ў Лунінецкі раённы савет па Мікашэвіцкай Гранітнай акрузе.





Незалежны кандыдат абскардзіў адмову ў правядзенні сходу ў акруговай выбарчай камісіі. Таксама ён збіраецца звярнуцца да выбарчых камісіяў вышэйшага ўзроўню.