Нетурыстычная Куба вачыма карэспандэнткі Еўрарадыё

Куба – гэта не толькі сонца, мора і пясок. Не толькі гаванскія калоны, набярэжная Малекон і турыстычная вулачка Обіспо. Гэта таксама талоны на прадукты і чорны рынак, гэта нястача чыстай вады і шматлікіх здабыткаў цывілізацыі. Гэта штодзённая падпольная барацьба незалежных журналістаў за сапраўдную свабоду вострава Свабоды.
Такую Кубу не апісваюць у турыстычных даведніках і не паказваюць на паштоўках. Аднак мне ўдалося павандраваць па выспе, завітаць у госці да сапраўдных кубінцаў і сустрэцца са змагарамі за дэмакратыю ў краіне.

Оскар Марыё Гансалес ў часы сяброўства Кубы і Савецкага Саюзу адвучыўся ў Краснадарскім палітэхнічным універсітэце. Там ажаніўся, нарадзіў дачку. Потым вярнуўся на радзіму. Стаў працаваць журналістам. За сваю працу адсядзеў у турме паўтара года.

Оскар Марыо: “Я вучыўся ў Савецкім Саюзе. Жыў там каля шасці год. Потым прыехаў сюды. У той час, я думаў, што камунізм – гэта нічога, нядрэнна. А потым пабачыў, што камунізм – гэта дыктатура. Зараз працую як незалежны журналіст. Я быў у турме год і чатыры месяцы. Проста дыктатура Фідэля не дазваляе, каб мы працавалі”.

З сярэдзіны красавіка на Кубе дазволілі купляць мабільнікі і DVD-плэеры, крыху пазней – камп’ютары. І нарэшце кубінцам дазволілі заходзіць у гатэлі для турыстаў. Раней усё гэта было забаронена. Як да да такіх зменаў ставяцца самі кубінцы, вы даведаецеся з серыі рэпартажаў з вострава Свабоды.

З панядзелка у эфіры Еўрарадыё штодня будуць гучаць рэпартажы з Кубы. Таксама на нашым сайце мы змесцім серыю фота-рэпартажаў. Вы даведаецеся пра кубінскія грошы і рэстараны. Пачуеце, ці сапраўды на востраве Свабоды шмат лёгкадаступных дзяўчат і даведаецеся, колькі яны каштуюць. Вы пачуеце аповед жанчыны, якая спрабавала збегчы ў Маямі на лодцы. Таксама я раскажу вам, што такое кубінскія СМІ і сакрэтныя службы. І вядома ж, распавяду, як ва ўмовах дыктатуры Фідэля Кастро выжываюць простыя людзі.










Фота Віталіны Грахоўскай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі