Непаўналетняя цяжарная абкрадала лекараў падчас прыёму
У Столінскім раёне асудзілі за крадзяжы маладую маці, піша газета МУС "На страже". Яе ахвярамі станавіліся лекары.
Першы крадзеж яна ўчыніла гэтым летам. Непаўналетняя цяжарная прыйшла на прыём у амбулаторыю аграгарадка Рубель Столінскага раёна. Там яна скрала 100 рублёў з кашалька медсястры.
Яшчэ тры крадзяжы яна ўчыніла пасля таго, як нарадзіла дзіця. У медустанове скрала яшчэ 100 рублёў, потым 80 рублёў — у адным з кабінетаў сельвыканкама, а яшчэ пазней — 130 рублёў падчас медагляду дзіцяці. Апошняя ахвяра звярнулася ў міліцыю, і зламысніцу затрымалі па гарачых слядах.
На судзе выявілася, што адна з ахвяраў наведвала цяжарную дома, а другая рабіла прышчэпкі яе дзіцяці.
Як піша газета "На страже", на судзе маладая маці манатонна прасіла прабачэння ў пацярпелых. Таксама яна добраахвотна кампенсавала прычыненую шкоду.
Суд прызначыў ёй абмежаванне волі на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.