Нельга таўсцець, мяняць імідж і выходзіць замуж

Цягам 2 гадоў пасля конкурсу "міскі" маюць шэраг патрабаванняў
Год таму прайшоў конкурс “Міс Беларусь”. У нашай краіне ў адрозненне ад астатніх ён ладзіцца раз на 2 гады, бо для арганізацыі трэба шмат сродкаў, а гэта накладна.
Ёсць і яшча адна праблема – дзяўчыны-пераможцы (а іх цэлых 7!) цягам гэтых гадоў мусяць трымацца пэўных правілаў і абмежаванняў.

Еўрарадыё дазналася, якім чынам перамога ў конкурсе “Міс Беларусь” уплывае на асабістае жыццё дзяўчат. Напрыклад, яны не маюць права браць шлюбам, нараджаць дзіця. Пра гэта нам распавяла Вольга Сярожнікава, дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці, кантракт з якой пераможцы атрымліваюць пасля конкурсу.

Сярожнікава: Гэтыя правілы мы прыдумалі не самі. Гэта міжнародныя патрабаванні. Але калі “Міс Беларусь” захоча выйсці замуж, то ніхто кароны з яе не здыме, як гэта бывае ў сусветнай практыцы. Калі вырашыць наладжваць сваё жыццё, ніхто перашкаджаць не будзе, бо мы тут – усе свае. Проста пры такіх умовах яна не зможа ўдзельнічаць у міжнародным конкурсе, напрыклад.

Апроч гэтага ёсць і іншыя патрабаванні да дзяўчынаў. Пра іх больш падрабязна распавядае віцэ-міс Беларусь 2006, віцэ-міс Еўропа 2006 Юлія Сіндзеева:

Сіндзеева: Нельга паліць у грамадскіх месцах, піць. Безумоўна, ніякіх наркотыкаў… Таксама трэба сачыць за сваёй фігурай, каб яна заставалася такой, як пад час конкурсу. Нельга каардынальна змяняць свой імідж. Я брунэтка і мне нельга, напрыклад, перафарбоўвацца ў бландынку.

Аднак ніякіх асаблівых афіцыйных абавязкаў дзяўчыны не маюць. Яны знаходзяцца ў каталогу Нацыянальнай школы прыгажосці і працуюць як мадэлі. Хіба што ганарары пераможцаў міс Беларусь ў некалькі разоў большыя, чым у астатніх.

Юлія Сіндзеева кажа, што было б выдатна, калі б выкананне абавязкаў адной з галоўных прыгажуняў краіны таксама нейкім чынам аплочвалася.

Сіндзеева: Я лічу, што маладым дзяўчынам, якія толькі прыходзяць у агенцтва, трэба гэта неяк аплочваць, каб гэта было не проста хобі.

Апроч таго пераможцы, мусяць раз на паўгады прымаць удзел ў дабрачынных мерапрыемствах. Праўда, апошнім часам іх не было. Наогул, у Беларусі не прынята запрашаць тытулаваных прыгажуняў на афіцыйныя мерапрыемствы, пафасныя прэзентацыі. Апошняй буйной падзеяй для міс Беларусь 2006 Кацярыны Літвінавай стаў удзел у шоў на тэлебачынні “Дзве зоркі”. А на “Славянскім базары” у адрозненне ад расійскіх прыгажуняў, галоўная міс не была.

Вольга Сярожнікава працягвае: На прыватныя вечарынкі нас як гасцей запрашаюь даволі часта. Нядаўна мы былі ў Бронксе на вечарынцы самага паспяховага сёння фатографа Дзяніса Аргера.

Атрымліваецца, што дзяўчыны 2 гады цярпяць ад цэлага шэрагу абмежаванняў, але іх прыгажосць амаль не выкарыстоўваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі