Некалькі месяцаў у беларусаў не будзе ні льготаў, ні адраснай дапамогі

Улады абяцаюць пасля зрабіць пераразлік і кампенсаваць нявыплачаныя грошы тым, каму яны будуць належаць па законе. Змаганне за захаванне сацыяльных ільготаў аказалася безвыніковым. Ужо ў канцы траўня Палата прадстаўнікоў прыме рашэнне аб адмене льготаў. Такога паняцця, як ільготы, у Беларусі больш не будзе, запэўніваюць Еўрапейскае радыё у Савеце Рэспублікі. Замест яго з’явіцца адрасная сацыяльная дапамога. Толькі не так хутка, як хацелася б.

Кіраўнік камісіі па працы і сацыяльнай абароне Сяргей Камянецкі пакуль не гатовы адказаць дакладна, каму ж будзе дапамагаць дзяржава і калі Саўмін распрацуе праект указа прэзідэнта аб адраснай дапамозе:

“Вы ведаеце, я нават не ведаю. Тым больш, гэты ўказ не праходзіць праз Палату прадстаўнікоў. А ўказ распрацоўваецца, прэзідэнт падпісвае, і ўсё — указ уступае ў сілу”.

Сяргей Уладзіміравіч зазначыў, што адрасная дапамога будзе аказвацца тым, чые даходы не перавышаюць 80% бюджэту пражытковага мінімуму.

Прычым у Міністэрстве статыстыкі Еўрапейскаму радыё паведамілі, што ўлік такіх грамадзянаў у іх не вядзецца. Улічваюцца толькі тыя, хто зарабляе адзін бюджэт пражытковага мінімуму — гэта 171 тысяча рублёў. Хаця Сяргей Камянецкі паабяцаў, што да 2008 году і ім дзяржава будзе аказваць сацыяльную дапамогу.

Аб адмене абсалютна ўсіх ільготаў казаць нельга. Некаторыя з ільготаў іх будуць адмененыя цалкам, некаторыя застануцца. Іншыя будуць часткова скарочаныя.

Законапраект складаецца з больш як 60 старонак. Журналістам адмаўляюць у азнаямленні з дакументам, спасылаючыся на тое, што супрацоўнікі СМІ не разбяруцца ў такой колькасці інфармацыі.

Відавочна, што праекта ўказа аб адраснай сацыяльнай дапамозе давядзецца яшчэ пачакаць. А што рабіць тым, каму гэтая дапамога патрэбна цяпер? Некалькі месяцаў жыць і без яе, і без льготаў?

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Мікалай Чаргінец бачыць наступнае рашэнне:

“Ну, да прыкладу, унеслі чалавека ў катэгорыю, якой належыць адрасная дапамога. Падрыхтавалі гэты дакумент, напрыклад, у жніўні. А закон аб ільготах адмянілі ўжо 23 траўня. Значыць, грошы яму будуць кампенсаваныя. З 23 траўня яму правядуць пераразлік”.

Атрымліваецца, некалькі месяцаў дапамога не будзе аказвацца ніякім чынам. Так, студэнт з малазабяспечанай сям’і не зможа дазволіць сабе ездзіць да бацькоў у раён ужо з канца траўня. А фінансава дапамогуць гэтай сям’і толькі праз некалькі месяцаў.

Хаця Сяргей Камянецкі ўпэўнены, што закон аб адраснай дапамозе паспеюць распрацаваць:

“Кіраўнік дзяржавы паручыў Саўміну. Як гэта — не паспеюць? Павінны паспець, таму што гэты праект указа знаходзіцца на кантролі ў прэзідэнта”.

Пытанне — навошта ўлады так спяшаюцца з новым законам аб сацыяльных ільготах — так і засталося адкрытым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі