Недапалены пластык трапіць у талерку да гаспадара

120516 SklyarauS.mp3

Еўрарадыё: Наколькі гэта правільна – спальваць смецце на ўчастках?

 

Анатоль Калач: Перш за ўсё, спальванне адкідаў – гэта страта рэсурсаў. Таму што у адкідах можна знайсці шмат рэчываў і матэрыялаў, якія можна яшчэ раз выкарыстаць. Па-другое, гэта небяспечна як для экалогіі, для навакольнага асяроддзя, так і для здароўя чалавека, які гэта робіць. Што спальваецца напрыклад каля лецішчаў? Часткі старой мэблі, большасць гэтых рэчаў прапітаныя небяспечнымі хімічнымі рэчывамі, якія пры спальванні адразу выкідваюцца ў атмасферу і ўдыхаюцца чалавекам, які робіць гэтае вогнішча. Тое ж можна сказаць і наконт фарбы – большасць фарбаў, якія раней выкарыстоўваліся, мелі ў сваім складзе свінец. Спальваецца таксама вялікая колькасць пластыку, а ён вельмі небяспечны, таму што пры яго спальванні адбываюцца выкіды такіх рэчываў як дыяксіны, якія з’яўляюцца канцэрагенамі, то бок, яны назапашваюцца ў арганізме. Трэба таксама адзначыць, што тэмпература вогнішча недастатковая, пластык спальваецца толькі часткова, а рэшта рассейваецца ці застаецца проста на зямлі. А большасць уладальнікаў лецішчаў лічаць, што попел ад спальвання трэба выкарыстоўваць, пакідаць на гародах, каб вырасціць лепшы ўраджай. Можна зразумець, што рэчывы, якія не былі спаленыя, трапяць у зямлю і будуць расці разам з ураджаем. І патрапяць у талерку да гаспадара лецішча.

 

Еўрарадыё: У Беларусі няма традыцыі сегрэгацыі смецця і яно ў любым выпадку трапляе на сметнік. Што горш, спальваць смецце ля дома, ці вывозіць на сметнік, дзе яно будзе ўтвараць горы?

 

Анатоль Калач: У нашым выпадку спальванне адназначна горшае, асабліва для здароўя насельніцтва. Бо на сметніку ёсць спецыяльныя ўмовы, каб гэтае смецце не прынесла вялікай шкоды навакольнаму асяроддзю.

 

Еўрарадыё: Чаму тады ў нас прынялі закон, што жыхары павінны спальваць смецце?

 

Анатоль Калач: Мне, простаму эколагу, цяжка сказаць, чаму так адбылося. Але як спецыяліст у гэтай галіне, я і мае калегі будзем рабіць усё, каб гэтае рашэнне было адмененае, бо яно шкодзіць навакольнаму асяроддзю і здароўю насельніцтва. З гэтым трэба змагацца. Напрыклад, даваць інфармацыю, што спальваць можна толькі арганічныя адкіды. Але лепшым выйсцем будзе іх кампаставанне і выкарыстанне для паляпшэння ўраджаю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі