Недабудаваныя да чэмпіянату гатэлі: месцы браніруюць, кошты не называюць

“Першых кліентаў прымаем з канца красавіка. Цяпер набіраем пакаёвак, прыбіральшчыкаў, пасудамыек. У нас працуе аддзел браніравання, дзе можна замовіць месцы. Але большасць нумароў ужо занятыя”, — расказваюць у адміністрацыі будучага пяцізоркавага гатэля “Пекін”.

Здадуць гатэль упрытык да чэмпіянату. Кошты на нумары ўражваюць: суткі каштуюць ад 245 да 490 еўра.

Шэф-кухару тут прапануюць 10 мільёнаў — за веданне кітайскай і англійскай моваў і кітайскай кухні. А вось пакаёўцы з веданнем кітайскай мовы і досведам працы — толькі 3,5 мільёны. Агулам, на сайце Мінгарвыканкама знаходзім больш за дзясятак вакансій.

“Мы яшчэ на этапе завяршэння работ. Нумары пакуль не браніруюць, але ёсць запыты ад кліентаў, мы іх уручную запісваем. Красавік пад пытаннем, у траўні — чэмпіянат”, — расказваюць у новым чатырохзоркавым гатэлі “Рэнесанс” за два месяцы да чэмпіянату.

І абяцаюць адкрыцца ў сярэдзіне красавіка. Хаця абяцалі адкрыць у лютым.

У гасцініцы “Вікторыя-алімп” просяць браніраваць нумары… праз электронную пошту. І яшчэ не вядома, ці паселяць.

“Кошты пакуль узгадняем. У нас шмат заявак, нават у вуснай форме, гатэль яшчэ будуецца. Ён дакладна ўвядзецца ў красавіку. Мы пакуль яшчэ нікому не пацвярджаем, што заселім. Бліжэй да здачы аб’екта мы зможам пацвердзіць”, — тлумачаць у адміністрацыі будучай чатырохзоркавай гасцініцы.

Нават калі цяпер падасі заяўку, пра магчымасць засяліцца скажуць толькі ў красавіку.

На будоўлю гасцініцы “Славянская” рабочых ужо не бяруць, тут абяцаюць “адкрыцца ў сярэдзіне сакавіка”. Браніраваць просяць праз электронную пошту, але… кошты не называюць!

“Мінгарвыканкам прыняў праграму мадэрнізацыі і рэканструкцыі ўжо дзеючых гасцініц — гэта каля 20 аб'ектаў. Будуюцца 24 новыя гасцініцы, у тым ліку, і з удзелам замежных інвестараў”, — абяцаў два гады таму начальнік упраўлення інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Ахраменка ў эфіры СТБ.

Цяпер Мінгарвыканкам абяцае 14 новых ці адноўленых гасцініц да чэмпіянату. І за два месяцы да яго у большасці гасцініц яшчэ не ведаюць ні коштаў, ні колькасці свабодных месцаў.

Чэмпіянат свету па хакеі: у дзвюх гасцініцах з шасці месцаў ужо няма

Фота: mtprofi.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі