Не згубіць Данбас і правесці выбары Кіеву дапаможа люстрацыя міліцыі?

Калі прэзідэнцкія выбары ва Украіне не пройдуць 25 траўня, то расійскія войскі могуць уварвацца на тэрыторыю суседняй краіны. Такое папярэджанне робіць дырэктар фонду “Цэнтр палітычных даследаванняў “Кансалтынг”, былы намеснік міністра замежных спраў Расіі Андрэй Фёдараў.



Андрэй Фёдараў: “Калі, умоўна кажучы, цягам двух тыдняў стане зразумела, што выбары 25 траўня правесці немагчыма, тады будзе зусім іншая сітуацыя і тады, відаць, спатрэбіцца большае ўмяшальніцтва і з боку ЗША, і з боку Расіі з тым, каб гэтыя выбары хаця б у снежні адбыліся”.



Апошнія падзеі з захопам 6 красавіка прыхільнікамі яднання з Расіяй абласных адміністрацый ў Данецку, Харкаве ды Луганску сведчаць: робіцца ўсё для таго, каб выбары сарваць. Пры поўным бяздзеянні праваахоўных органаў. Там ужо хочуць праводзіць рэферэндум альбо за ўваходжанне ў склад Расіі, альбо — у падтрымку стварэння “Данецкай рэспублікі”. Калі ж усход Украіны з-за “прарасійскіх хваляванняў” не прагаласуе на выбарах 25 траўня, то яны аўтаматычна будуць лічыцца не дзейснымі.



Зараз Кіеў робіць усё, каб узяць сітуацыю пад кантроль. Але ці гарантуе гэта, што захопы не паўторацца, да прыкладу, раніцай 25 траўня?



Паводле слоў кіраўніка Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрыя Тымчука, сёння галоўная небяспека зыходзіць не ад сепаратыстаў, а… ад праваахоўных органаў. Бо сепаратыстаў тых у Харкаве 500 чалавек, у Данецку 2 тысячы, у Луганску некалькі сотняў.



Дзмітрый Тымчук: “Сілавікі маглі нейтралізаваць усе гэтыя выступы даволі-такі эфектыўна. Але ў рэгіёнах праваахоўнікі досыць умоўна пад кантролем — вельмі вялікая колькасць найперш прадстаўнікоў МУС, якія фактычна сабатуюць, самаўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў”.

                                    Дзмітрый Тымчук



Адпаведна, сёння галоўнае — не пералавіць галоўных “сепаратыстаў-завадатараў”, а пазбавіцца ад “засланых казачкоў” у праваахоўных органах.



Дзмітрый Тымчук: “Неабходна стабілізаваць сітуацыю ў праваахоўных органах: адсеяць усіх, хто зараз займаецца сабатажам, неабходна экстрана праводзіць люстрацыю, зразумець — хто лаяльны ўладзе, а хто з’яўляецца засланым казачком і фактычна працуе на сепаратыстаў. Гэта тычыцца і спецслужбаў, і праваахоўнікаў”.



Відаць, менавіта з гэтымі мэтамі раніцай 7 красавіка ў Данецк выправіўся віцэ-прэм’ер Віталь Ярэма, які курыруе сілавыя структуры, у Харкаў — міністр МУС Арсеній Авакаў, а сакратар Нацбяспекі Андрэй Парубій і кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка — у Луганск.



З тым, што ў “сепаратысцкіх” абласцях неабходна цалкам мяняць міліцэйскае кіраўніцтва, згодны і дэпутат Вярхоўнай Рады Андрэй Паўлоўскі. Праўда, ён у недапрацоўцы абвінавачвае яшчэ і спецслужбы і контрвыведку — маўляў, галоўныя завадатары беспарадкаў прыехалі з Расіі, і гэта менавіта спецслужбы мусілі прадухіліць.

               Нібыта мясцовыя сепаратысты ў Харкаве

Але ёсць і яшчэ адзін “казачок” — мясцовы алігарх Рэнат Ахметаў. Які чамусьці нічога не робіць для стабілізацыі сітуацыі.



Андрэй Паўлоўскі: “Паверце мне: калі б ён даў каманду, каб меў жаданне змяніць сітуацыю, то адных толькі ахоўнікаў на яго прыватных прадпрыемствах хапіла б для таго, каб за гадзіну навесці там парадак. Але ён чамусьці гэтага не робіць, а самаўхіліўся і назірае нібыта збоку”.



Ахметаў вядзе двайную гульню, не пагаджаецца з палітыкам палітолаг Уладзімір Фясенка. І не менш, чым люстрацыяй праваахоўных органаў, раіць Кіеву як хутчэй высветліць адносіны з Ахметавым.



Уладзімір Фясенка: “Тое, што Ахметаў не перашкаджае гэтым акцыям, сведчыць, што гэтая нестабільнасць адпавядае яго інтарэсам, звязаным з жаданнем дабіцца максімальнай аўтаноміі Данбаса ад Кіева. Таму трэба весці перамовы з Ахметавым, падчас якіх паказаць, якія негатыўныя наступствы будуць: ён можа не дабіцца сваіх мэтаў, а, хутчэй, наадварот”.

                                       Уладзімер Фясенка



А пакуль будуць весціся гэтыя перамовы-ўгаворы з алігархам і змены ў праваахоўных органах — увесці на тэрыторыю мяцежных рэгіёнаў Нацыянальную гвардыю. Пажадана з мясцовых жыхароў.



Усе суразмоўцы Еўрарадыё ўпэўненыя: правакацыі на ўсходзе Украіны будуць працягвацца і да выбараў, і ў дзень іх. І нават ад ваеннай агрэсіі з боку Расіі не застрахаваныя.

Фота: www.unian.net, http://inpress.ua, kvedomosti.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі