Не вучэнні, а тэатр: Мінабароны назвала стральбу ў Масюкоўшчыне "розыгрышам"

Умоўна паранены амапавец у часе (не)вучэнняў у Масюкоўшчыне / sb.by
Умоўна паранены амапавец у часе (не)вучэнняў у Масюкоўшчыне / sb.by

У Мінску адбыўся спектакль за бюджэтныя грошы для найвышэйшых чыноў МУС і Мінабароны. 30 жніўня на тэрыторыі былой вайсковай часці ў Масюкоўшчыне пафасна бегалі-стралялі байцы АМАПа і тэрытарыяльнай абароны. СМІ на поўным сур'ёзе назвалі гэта вучэннямі.

А вось прэс-служба Мінабароны ахрысціла пастралушкі больш сціпла. Там пішуць, што адбыўся "розыгрыш практычных дзеянняў сіл тэрытарыяльнай абароны". Паглядзець на яго прыехалі начальнік Генштаба Мінабароны Віктар Гулевіч і начальнік мінскай міліцыі Міхаіл Грыб.

Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
За "вучэннямі" глядзяць: першы злева — начальнік Генштаба Мінабароны Віктар Гулевіч, трэці злева — начальнік мінскай міліцыі Міхаіл Грыб / sb.by

Заўсёды перамагае тэрабарона

Пачынаецца розыгрыш з таго, што дыверсанты нападаюць на блокпост тэрытарыяльнай абароны, на якім стаяць тры "тэрытарыялы" і два супрацоўнікі МУС. Бандыты нібыта правальваюць праверку дакументаў, завязваецца перастрэлка.

Як праціўнікі зразумелі, хто загінуў, а хто не? Бо яны нават страляюць не адзін у аднаго (каб аскепкам халастога патрона не параніць). Тым не менш траіх парушальнікаў тут жа "знішчаюць". Дазваляюць загінуць і аднаму міліцыянеру. Зразумела, перамога за тэрабаронай. Спектакль ідзе па плане.

Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
Акторы без "Оскара" / sb.by

Потым, па ўмове розыгрышу, машына злачынцаў спрабуе аб'ехаць блокпост. У яе гэта нібыта не атрымліваецца, і дыверсанты вымушаныя схавацца ў найбліжэйшым будынку.

Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
Пажарная машына на заднім плане хутка будзе "тушыць агонь" пасля амапаўцаў — гэта роля, адведзеная ёй па сцэнары / Минск-Новости

Тут жа як з-пад зямлі з'яўляецца група АМАПа на спецыяльна абсталяванай для штурму будынкаў машыне. За ёй — аператар беспілотніка, хуткая дапамога, машыны ДАІ і МНС. АМАП падымаецца па лесвіцы да адзінага незабарыкадаванага (о цуд!) акна, рама якога пасля лёгкага тычка вылятае з праёма. Чуваць выбухі ўнутры памяшкання. А "парушальніка", які выскачыў з бандыцкага джыпа, нават кусае службовы сабака. Экшэн, адным словам.

Нагадаем, што дзеянне адбываецца ў Мінску ў нібыта ўмовах ваеннага становішча, калі на вуліцах ужо вымушаная стаяць узброеная тэрабарона. Мабыць, арганізатары розыгрышу думаюць, што ў выпадку чаго ўсё так і будзе адбывацца каля кожнага блокпаста.

Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
Напагатове машына хуткай дапамогі — раптам сабака не зразумее, што гэта ўсё розыгрыш / sb.by

"Вучэнні" несур'ёзна ўспрымаюць нават самі амапаўцы. У аднаго з іх замест магазіна з патронамі ў падсумку ляжыць мабільны тэлефон. Ну, каб потым пацанам паказаць відос або жонцы патэлефанаваць у перапынку паміж сцэнамі тэатралізаванага дзеяння.

Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
Навошта магазін з патронамі (хай нават халастымі), калі страляць ні ў кога не трэба і наогул гэта нават не вучэнні / sb.by

Толькі АМАП завяршыў штурм, як на тэрытарыялаў, што прадбачліва паставілі сабе ў акоп гаўбіцу, выскокваюць астатнія дыверсанты пры падтрымцы бронетранспарцёра. Але і тут партызаны не разгубіліся і ўдарылі па ворагу — балазе дыктар за кадрам падказваў, што зараз адбудзецца. А праціўнік выстраіўся ў шэраг, як група мішэняў, і потым у поўны рост бяжыць на цябе. Ну як тут у яго не пацэліць?

Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
Умоўныя дыверсанты чакаюць, калі ў іх умоўна пацэляць / sb.by
Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
Можна і на акопы ў поўны рост бегчы — гэта ж нават не вучэнні / sb.by

Бессэнсоўны спектакль

Сапраўды, вучэннямі гэта назваць складана. Акрамя замацавання дысцыплін баявой падрыхтоўкі вучэнні прадугледжваюць праверку вывучкі ўсіх, хто ў іх задзейнічаны. Напрыклад, танкісты або ракетчыкі на палігоне атрымліваюць ацэнку за бачны вынік — за тое, наколькі дакладна яны трапляюць у цэль. Радыстаў ацэньваюць за здольнасць дакладна прыняць і перадаць радыёграму. Разведчыкі атрымліваюць балы за ўменне знайсці па-сапраўднаму замаскаваны аб'ект.

А за што ацэньвалі сілавікоў у Масюкоўшчыне? Мэр Мінска Уладзімір Кухараў (які з нагоды розыгрышу нават надзеў вайсковую форму) кажа: "У ходзе камандна-штабных вучэнняў праверылі зладжанасць працы падраздзяленняў. Вынікі паказалі, што нашы ваеннаабавязаныя падрыхтаваны на дастаткова высокім узроўні".

Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
Мэр Мінска прыадзеўся / sb.by

Вось толькі якое магло быць "зладжванне падраздзяленняў", калі ўсё ішло па сцэнары і кожны ўдзельнік пастаноўкі ведаў, што яму рабіць? І як можна нешта зразумець пра стан боегатоўнасці беларускай тэрабароны (а ўдзельнічалі ў розыгрышы 125 чалавек з Савецкага раёна Мінска), правёўшы адну толькі стральбу халастымі боепрыпасамі пад аб'ектывамі камер?

Так, кожныя вучэнні маюць сцэнар. Але на вучэннях дзейныя асобы знаёмыя з задумай роўна настолькі, каб здолець на справе праявіць свае веды, навыкі і ўменні. А дзеянні тэрытарыялаў і сілавікоў у Масюкоўшчыне былі зрэжысаваныя ад і да для дэлегацыі з кабінетаў.

Не учения, а театр: Минобороны назвало стрельбу в Масюковщине “розыгрышем”
"Тэрытарыялы", прызваныя на вайсковыя зборы / Минск-Новости

Мэтай вайсковых збораў, сярод іншага, значыцца "падрыхтоўка ваеннаабавязаных па новых ваенна-ўліковых спецыяльнасцях і воінскіх пасадах, неабходных для якаснага камплектавання Узброеных сіл і іншых воінскіх фармаванняў; удасканаленне ваенных ведаў і засваенне ваеннаабавязанымі новых відаў узбраення і вайсковай тэхнікі".

Мяркуючы па фота, "партызаны", якіх прыцягнулі да паказухі, далёка не хлапчукі. І служылі ў войсках яны яўна не год таму. Было б значна лепш, калі б мужчыны больш бывалі на палігоне, успаміналі і замацоўвалі навыкі баявой стральбы, навучыліся чамусьці новаму, а не ўдзельнічалі ў "тэатры баявых дзеянняў" ад Мінабароны.

Дый сілавікам, якія працуюць у будынках супраць тэрарыстаў, лепш не ўдзельнічаць у пастановачным розыгрышы, а лішні раз па-сапраўднаму адкатаць праграму ў кіл-хаусе — ціры для стральбы са зброі з баявымі патронамі, які выкарыстоўваецца для навучання вайскоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў вядзенню блізкага бою ў гарадскіх умовах.

Узнікае пытанне: а навошта тады адрываць людзей ад працы ў цывільным жыцці, марнаваць час і рэсурсы, калі гэта былі не вучэнні? Адказ просты: даць справаздачу, што "мы да вайны гатовыя, напад праціўніка адбіты, задачы выкананыя". Але хіба бывае па-іншаму на паказушных мерапрыемствах?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі