Не ведае дакладна, куды страляў, парушае загад не хадзіць аднаму

Не ведае дакладна, куды страляў, парушае загад не хадзіць аднаму

Пачаўся разгляд справы Андрэя Гаўроша, якога ў навагоднюю ноч параніў міліцыянт Руслан Салаўёў. У судзе менавіта міліцыянт выступае пацярпелым, а Гаўрош ― абвінавачаным, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі за супраціўленне супрацоўніку міліцыі з прымяненнем гвалту.

Каротка сутнасць справы: у навагоднюю ноч 2017 года сяржант Руслан Салаўёў адправіўся на выклік, суседзі скардзіліся на моцны шум з кватэры Гаўроша. Паводле версіі міліцыі, Андрэй Гаўрош неадэкватна адрэагаваў на просьбу знізіць гучнасць музыкі і накінуўся на праваахоўніка, спрабуючы адабраць пісталет. У выніку Гаўрош атрымаў два кулявыя раненні і апынуўся ў рэанімацыі, а сяржант Салаўёў ― у шпіталі МУС са страсеннем мазгоў ды іншымі траўмамі.

 

Не ведае дакладна, куды страляў, парушае загад не хадзіць аднаму
Андрэй Гаўрош. Фота: Змітра Лукашука

Інцыдэнт пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка: “Што гэты пацан няправільна зрабіў? Гэта яго права. У яго шырокі сегмент выбару: альбо ён прымяняе зброю, альбо пачынае змагацца. Ён, ацаніўшы сітуацыю, прымяніў зброю. У рэшце рэшт не застрэліў. Гэта сігнал грамадству, што валтузні з падонкамі не будзе”.

А вось, што мы даведаліся пра нашу міліцыю і таго міліцыянера, у якога “шырокі сегмент выбару” дзеянняў:

 

1. На выклікі супрацоўнікі міліцыі павінны хадзіць як мінімум па двое, але калі трэба то…

 

На дзяжурства, якое скончылася стралянінай, сяржант Салаўёў заступаў а 8 раніцы 31 снежня 2016 года. Пачалося яно з інструктажу, які праводзіў начальнік міліцыі грамадскага парадку. Падчас інструктажа ўсім міліцыянерам у чарговы раз нагадалі прытрымлівацца правілаў бяспекі ― ні ў якім разе не хадзіць на выклікі па адным. Як мінімум, ісці павінны двое.

“Але ў навагоднюю ноч было вельмі шмат выклікаў, усе раз’ехаліся па выкліках ― у дзяжурнай частцы на момант таго выкліку заставаліся толькі я і дзяжурны маёр. І ён загадаў мне схадзіць і разабрацца з сітуацыяй ― месца выкліку знаходзіцца побач. На маё ўдакладненне, ці ісці мне аднаму, маёр адказаў: "Больш нікога няма"”, ― расказвае ў судзе Салаўёў.

― Вы не пацікавіліся, ці не мусіце вы некага дачакацца, каб не ісці аднаму, ці па дарозе некага з сабой захапіць? ― удакладняе адвакат Гаўроша

― Можа, ён нешта такое і сказаў, але я не пачуў, і пайшоў.

― Вам жа падчас ранішняга інструктажу казалі, што аднаму хадзіць нельга!

― Я павінен выконваць загад таго начальніка, які ў дадзены момант аддае загад.

― Недзе прапісана, што аднаму хадзіць нельга?

― Гэта ёсць у адмысловым загадзе па МУС.

Не ведае дакладна, куды страляў, парушае загад не хадзіць аднаму
Руслан Салаўёў. Фота Змітра Лукашука

Тут варта адзначыць, што ў абавязкі Салаўёва ўваходзіць “падтрыманне санітарнага стану памяшкання дзяжурнай часткі і навакольнай тэрыторыі ды суправаджэнне затрыманых”. На выклікі ён, як высвятляецца, таксама ходзіць ― калі людзей не хапае. Але да гэтага разу (!) ніколі не хадзіў адзін.

 

2. Як і хто можа стаць міліцыянерам…

 

Падчас допыту пацярпелага сяржанта высвятляецца цікавая акалічнасць яго выбару прафесіі. І навыкаў, якімі ён валодае.

― Вы у арміі служылі? — пытаецца ў міліцыянта суддзя.
— Не, у нас няпоуная сям'я, бацька даўно прызнаны без вестак зніклым, маці выхоўвала мяне адна ― служба па жаданні, — адказвае Салаўёў.
— Вы не пажадалі служыць? Чаму?
— Паўтара года згубленага марна часу...
— Але вырашылі пайсці служыць у міліцыю. З якім балам паступалі?
— Не памятаю...

― Па якой шкале ацэньвалася ваша вучоба?

― Пяцібальнай

― Як патлумачыце, што ў вас сярэдні бал “задавальняюча”?

― Не ведаю…

Уся вучоба Руслана Салаўёва ― шэсць месяцаў на курсах павышэння кваліфікацыі пры МУС. І вось хлопец з Гомельскай вобласці ахоўвае парадак у сталіцы. З фізпадрыхтоўкі ― заняткі цягам года тайскім боксам. Без асаблівых, па прызнанні самога Салаўёва, поспехаў. Потым, праўда, былі заняткі па фізпадрыхтоўцы і стральбе падчас курсаў, але іх выніковасць ацаніць не складана па адным факце.

“У 2016 годзе Салаўёў у стрэльбах браў удзел адзін раз. Страляў па мішэні “сілуэт”. Не патрапіў ніводнага разу. Атрымаў адзнаку "незадавальнаюча"”.

Ну, і яшчэ адно. Па сведчанні сяржанта, Андрэй Гаўрош ударыў яго нагой у жывот, схапіў рукамі за горла, біў галавой аб сцяну, кулаком па галаве, спрабаваў вырваць пісталет. За увесь час гэтай бойкі з нецвярозым чалавекам, Салаўёў здолеў ударыць Гаўроша адзін раз ― кулаком у грудзі. Што не спыніла нападніка…

 

3. Самі набываюць сабе газавыя балончыкі.

 

Па словах Салаўёва, падчас візіту ў кватэру Гаўроша, у яго з сабой былі пісталет “Макарава” і 16 патронаў да яго ды кайданкі. Гумовую дубінку ён мець не павінен. А газавы балончык у сяржанта скончыўся, і ён не паспеў… набыць сабе новы!

― Вы што, самі павінны набываць сабе газавы балончык? ― здзіўлена пытаецца адвакат.

― Так, у абавязковую экіпіроўку ён не ўваходзіць ― гэта наш асабісты клопат.

― А чаму вы не набылі сабе новы?

― Стары скончыўся напярэдадні 31 снежня ― не паспеў набыць…

Добра, што патроны міліцыянеры не абавязаныя самі сабе набываць.

 

4. Колькі стрэлаў зрабіў міліцыянер і ці свядома страляў

 

На судзе Салаўёў прызнаецца, што яму ніколі яшчэ не даводзілася страляць у чалавека. І тлумачыць гэтым тое, што (цытата): “Першы стрэл я рабіў свядома, імкнучыся нанесці мінімальную шкоду, а два другія рабіў, не ўсведамляючы, не спецыяльна. Мы змагаліся за пісталет, кожны цягнуў яго да сябе, рухі былі хаатычнымі…”

Больш за тое, з матэрыялаў справы, агучаных на судзе, вынікае, што толькі падчас допыту на наступны пасля інцыдэнта дзень Салаўёў даведаўся ад следчага, што скарыстаў тры патроны. Адпаведна, зрабіў тры стрэлы. Атрымліваецца, што сяржант на момант крывавага завяршэння інцыдэнта нават дакладна не ведаў, колькі стрэлаў зрабіў. Ён не ведае, якім чынам куля трапіла Гаўрошу ў спіну і адкуль след ад кулі ля ліфта.

5. Што міліцыянер успрымае як пагрозу

 

Гаўрош ад самага пачатку паводзіў сябе пагрозліва, сцвярджае Салаўёў.

― У чым выяўлялася пагроза? ― цікавіцца адвакат.

― Ён звяртаўся да мяне на “ты”, хоць я да яго звяртаўся ветліва і культурна, ― тлумачыць міліцыянер.

― Зварот на “ты” вы лічыце пагрозай?

― Вядома! Гэта гучала вельмі пагрозліва.

Слуханні па справе Андрэя Гаўроша будуць працягнутыя. Еўрарадыё будзе і далей сачыць за імі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі