Не толькі паўстанец: новы погляд на Каліноўскага ў кнізе Сяргея Абламейкі

Не толькі паўстанец: новы погляд на Каліноўскага ў кнізе Сяргея Абламейкі

Кніга гісторыка Сяргея Абламейкі “Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі” ўвайшла ў шорт-ліст прэміі Гедройца 2021 года. Яна ўяўляе сабой аналіз двухсотгадовага адрэзку беларускай гісторыі. Галоўная тэма, якую разбірае аўтар, — непасрэдна постаць самога Кастуся Каліноўскага. Якая роля ў кнізе надаецца вядомаму беларускаму дзеячу?

— Да гэтага мы ведалі Каліноўскага-паўстанца, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Сяргей Абламейка. — Але я падышоў да гэтага зусім інакш. Яшчэ летам 2019 года я пачаў пераглядаць, што ў нас [іншымі гісторыкамі і пісьменнікамі. — Еўрарадыё] напісана, і аказалася, што ніхто раней не падумаў пра Каліноўскага як палітыка. У маёй кнізе ён не паўстанец, тут ён кіраўнік урадаў Літвы і Беларусі. І людзі тут зусім іншыя: героі гэтай кнігі, яго паплечнікі, пераважна былі не на слыху ў публіцыстаў, пісьменнікаў і гісторыкаў. Я ўбачыў, што, у прынцыпе, тады адбылося нараджэнне беларускай нацыі. І першым яе абудзіў і абвясціў Кастусь Каліноўскі. Таму гэтую кніжку можна назваць кароткай гісторыяй нараджэння новай беларускай ідэнтычнасці.

У савецкі час постаць Каліноўскага ўспрымалася ідэолагамі хутчэй пазітыўна, чым негатыўна. У 1928 годзе у Савецкім Саюзе пра паўстанне 1863–1864 гадоў нават знялі фільм.

Цяпер беларускія ўлады праз замацаванне вобраза першага беларускага паўстанца ў сучасным пратэставым руху ледзь не збянтэжаныя тым, як да яго ставіцца. Хоць яшчэ у 2019 годзе на перапахаванні парэшткаў Каліноўскага ў Вільнюсе прысутнічаў віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка. Як успрымаць такія змены ў асэнсаванні гістарычных асобаў, падзеяў і стаўленні да іх?

— На жаль, ёсць працяг барацьбы вакол Беларусі, “рускі свет” змагаецца за Беларусь па-ранейшаму, — працягвае Сяргей Абламейка. — Якраз гэта стварае асноўную праблему. Сучасная гістарычная навука вельмі цікавая. На Захадзе даўно знайшлі ўсе асноўныя дакументы, цяпер гісторыкі займаюцца пераважна асэнсаваннем таго, што ўжо вядома.

У пачатку дваццатага стагоддзя быў сфармуляваны асноўны прынцып сапраўднай гістарычный навукі: гісторыкі не маюць права трактаваць мінулае з пункту гледжання сучасных прыярытэтаў. Не маюць права пераносіць у мінулае актуальныя ідэалагічныя схемы. Але гэта якраз тое, што адбываецца вакол Каліноўскага ўсё дваццатае стагоддзе і зараз. Задача гісторыка — зразумець матывы людзей “тады” і патлумачыць іх сучаснаму чалавеку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі