“Не пішыце “Крым наш”, і ўсё”. Як турфірмы возяць беларусаў праз Крымскі мост

Беларускія турфірмы, якія возяць турыстаў у Крым праз “Крымскі мост”, не лічаць неабходным папярэджваць сваіх кліентаў пра парушэнне ўкраінскага заканадаўства і будучыя праблемы на ўкраінскай мяжы. Еўрарадыё патэлефанавала ў некалькі турфірм, якія арганізуюць аўтобусныя туры ў Крым. Ні ў адной з іх нас не папярэдзілі, што, трапіўшы на паўвостраў па "Крымскім мосце", мы парушым украінскія законы.

“Цяпер іншых варыянтаў няма, усе едуць праз мост. Раней людзі плылі на пароме. Цяпер вы эканоміце 2-3 гадзіны”, — завабліваюць нас у адной з турфірм.

Шлях да крымскіх берагоў Чорнага і Азоўскага мораў займае каля 38 гадзін. Да адкрыцця моста турыстам даводзілася карыстацца паромамі. Іх колькасць была абмежаванай. Да таго ж, часам пераправу закрывалі праз дрэннае надвор’е. Дарога на паўвостраў магла расцягнуцца на двое сутак.

У кампаніі “Фаварыт-Трэвел” Еўрарадыё распавялі, што ў Крым іх аўтобусы едуць толькі праз Расію.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, потым я не змагу трапіць ва Украіну?

“Фаварыт-Трэвел”: Чаму?

Еўрарадыё: Калі ехаць у Крым не праз Украіну, то гэта парушэнне ўкраінскага заканадаўства.

“Фаварыт-Трэвел”: Наконт таго, што не прапускаюць, я таксама чула, але гэтая інфармацыя неафіцыйная, то бок, такога закона няма, каб не пускаць. Толькі калі памежнікі, можа быць, у іх свае прэтэнзіі, могуць пачаць чапляцца, шукаць прычыну, па якой не пускаць. У мяне ёсць знаёмыя людзі, якія ездзілі ў Крым, і потым трапялілі ва Украіну без праблем.

15 траўня ў Керчы адкрылі 19-кіламетровы “Крымскі мост”, будаўніцтва якога запланавалі яшчэ ў 2014 годзе. Першым пра ім праехаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на КамАЗе, а 16 траўня мост над Керчанскім пралівам стаў даступны для ўсіх.

Уладзімір Пуцін на адкрыцці "Крымскага моста". Фота: Reuters

Нягледзячы на расійскую анексію, Украіна працягвае лічыць Крым сваёй тэрыторыяй, а турыстаў, якія трапляюць на паўвостраў праз Крымскі мост, залічвае ў  парушальнікі сваёй дзяржаўнай мяжы. Пасля ў іх могуць узнікнуць праблемы пры наведванні Украіны: у лепшым выпадку, іх развярнуць на мяжы, а ў пашпарт паставяць штамп аб забароне ўезду на пяць гадоў. Таму, у прынцыпе, людзям даводзіцца выбіраць: ці Крым праз Расію, ці Украіна.

Яшчэ ў 2014 годзе на сітуацыю звярнула ўвагу МЗС Беларусі. Ведамства неаднаразова інфармавала беларусаў пра асаблівасці ўкраінскага заканадаўства. Вось што ў сакавіку 2016 года казаў Дзмітрый Мірончык, на той час — кіраўнік прэс-службы беларускага МЗС:

"Пры наведванні Крыма праз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі грамадзянам Беларусі варта мець на ўвазе, што гэта можа паслужыць падставай для адмовы ва ўездзе названым грамадзянам на тэрыторыю Украіны і прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам".

Але беларускія турфірмы не лічаць, што беларускім грамадзянам трэба нешта там мець на ўвазе. У кампаніі “Экатрэвел” нам нагадваюць, што турыстам увогуле нельга заехаць у Крым з боку Украіны. А вось з расійскага боку — без праблем.

“Ніякіх штампаў ў пашпарт не ставяць. Вы ж не на самалёце ляціце, у нас мяжы з Расіяй няма. З боку Крыма таксама ніякіх блокпастоў няма”, — тлумачыць супрацоўнік кампаніі.

Еўрарадыё: А калі я куды-небудзь выкладу фотаздымак з адпачынку? Напэўна, пры ў’ездзе ва Украіну памежнікі неяк правяраюць?

Экатрэвел: Калі не будзеце пісаць, напрыклад, “Крым наш” і гэтак далей, дык будзе ўсё нармальна.

Будаўніцтва "Крымскага моста". Фота: Reuters

У наступнай фірме “Арыгінальны тур” увогуле здзівіліся нашаму пытанню. Маўляў, раней, у іншых кліентаў такое пытанне не ўзнікала.

Еўрарадыё: Як вы едзеце ў Крым?

“Арыгінальны тур”: Гомель, потым праз тэрыторыю Расіі і новы Крымскі мост.

Еўрарадыё: А не бывае праблем потым з падарожжам ва Украіну?

"Арыгінальны тур": Штампаў там не ставіцца. Перад мостам толькі будзе прапускны пункт, там паглядзяць ваш багаж пра металашукальнік. Але штампаў, што вы ўязджаеце з тэрыторыі Расіі, не ставяць. Таму, як бы, праблем не ўзнікае. Мы прадаём туры і туды, і туды [на крымскія і ўкраінскія курорты. — Еўрарадыё]. Не было такога, што з’ездзіў у Крым, а потым не змог паехаць ва Украіну.

Ні ў адной фірме з тых, да якіх мы датэлефанаваліся, нас не папярэдзілі, што ўезд на тэрыторыю Крымскага паўвострава з боку Расіі — парушэнне ўкраінскага заканадаўства.

 

Даведка Еўрарадыё: Згодна з украінскім заканадаўствам, грамадзян Украіны, якія незаконна трапляюць на тэрыторыю Крыма, чакае штраф, а замежнікаў — забарона на ўезд ва Украіну. На паўвостраў можна трапіць з мацерыковай часткі Украіны, але толькі ў некаторых выпадках. У спісе паважаных прычын, каб прапусціць вас у Крым праз Украіну, сем пунктаў:

1. У вас ёсць нерухомасць у Крыме;

2. Вы збіраецеся ў Крым на пахаванне сваякоў;

3. Вашы сваякі пахаваныя на тэрыторыі Крыма;

4. Вашы сваякі жывуць у Крыме;

5. Вы часта ездзіце ў Крым па працы;

6. Паездка ў Крым звязаная з дыпламатычнымі мэтамі

7. Вы едзеце ў Крым для ўдзелу ў забеспячэнні абароны нацыянальных інтарэсаў Украіны.