"Не магу і вашым і нашым": як склалася жыццё сілавікоў, якія звольніліся

Плакат на мінскім маршы / Еўрарадыё
Плакат на мінскім маршы / Еўрарадыё

"Калі б я застаўся па той бок барыкад, то не змог бы потым глядзець людзям у вочы", — расказвае Еўрарадыё экс-супрацоўнік УУС горада Брэста Кірыл Юркевіч. У ліпені 2020 года хлопец удзельнічаў у ачапленні ў цэнтры горада падчас ланцуга салідарнасці: "Сачыў за тым, каб людзі не выходзілі на праезную частку".

"Удзельнікі ланцуга паводзілі сябе добразычліва, а мне было сорамна і моташна, хадзіў з апушчанай галавой, — успамінае суразмоўнік. — Вырашыў, што гэта першае і апошняе маё мерапрыемства такога роду".

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков
Кірыл Юркевіч / фота з архіва

У інтэрв'ю Еўрарадыё Кірыл, а таксама іншыя былыя супрацоўнікі сілавых структур Беларусі, Віктар і Барыс (імёны змененыя па просьбе герояў), расказваюць, чаму вырашылі змяніць працу і як змянілася іх жыццё ў цывільных умовах. 
 

Кірыл: "Калісьці марыў пра вышук, думаў — рамантыка"

Калі затрымалі Віктара Бабарыку, я палічыў, што гэта незаконна, і апублікаваў у інстаграме допіс у ягоную падтрымку. Яго ўбачыў нехта з кіраўніцтва, мяне выклікалі на размову, сказалі: альбо я працую ў гэтай сістэме і не выкладаю такія рэчы, альбо шукаю іншае месца. На што я адказаў: хочаце — звальняйце, мая пазіцыя нязменная, парушаць закон не буду, удзельнічаць у нейкіх затрыманнях таксама. І, маўляў, у выпадку чаго гатовы здаць пасведчанне. Восьмага жніўня мяне звольнілі па загадзе. Так што ў далейшых разгонах удзелу не браў.

Новую працу знайшоў хутка, у пошуках дапамагалі сябры і знаёмыя. Пайшоў у кіроўцы-міжнароднікі, займаюся грузаперавозкамі на фуры. У асноўным катаюся па Еўропе і Расіі. Праца складаная, але цікавая. Не сказаць, што я пра гэта марыў, але як прамежкавы варыянт мяне задавальняе. Заробак стаў вышэйшы. Ёсць шмат мэт і планаў.

У кожным разе пастаянна адкрываеш нешта новае: пабываў нават на Урале. Так што наперадзе, упэўнены, яшчэ шмат адкрыццяў.  

Як бачыце, у мяне кожная праца рамантычная [Смяецца.]: калісьці марыў пра вышук, думаў — рамантыка. Цяпер — фура.

Да працы ў міліцыі я пяць гадоў адвучыўся ў Акадэміі МУС, таму прыблізна ўяўляў, чым буду займацца, з якім кантынгентам давядзецца сутыкацца. Праца падабалася. Але тое, што здарылася летам... З аднаго боку, гэта вельмі цяжка маральна. З другога — разумееш абсурднасць сітуацыі: людзі проста стаяць дзесьці, сядзяць на лавачках, а ты падыходзіш і высоўваеш ім нейкія патрабаванні (не ведаю, ці можна назваць іх законнымі) — "перайсці", "не сядзець", "не стаяць тут". Адчуваеш агіду, агіду да самога сябе.

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков
На маршы ў Мінску / Еўрарадыё

Ці хацеў бы я вярнуцца ў міліцыю? Для гэтага трэба, каб у краіне пачалі выконваць законы. Патрэбны сумленныя адкрытыя суды. Сёння мы бачым, што, па сутнасці, праўды наогул няма дзе шукаць: ні ў судах, ні ў нейкіх іншых наглядных інстанцыях. Нейкая антыўтопія. Людзі баяцца гаварыць, іх запалохваюць. Ніхто не ведае, як усё можа абярнуцца. Паглядзіце, як судзяць журналістаў, якія, здавалася б, нічога супрацьзаконнага не робяць. Ім даюць па два гады калоніі, хіміі; за крадзеж — менш. Цяпер у мяне больш пытанняў, чым адказаў на тое, што адбываецца.

Але ў кожным разе людзі выходзілі не дарэмна. Што б там ні было далей, мы ўбачылі, колькі вакол аднадумцаў, колькі добрых рэчаў было зроблена за гэты час. Я ў любым выпадку спадзяюся, што рана ці позна ўсё зменіцца, таму што ўсё цыклічнае. Не бывае так: мы ўпалі на дно і больш не падняліся. Усё абавязкова зменіцца, і ў лепшы бок.

Марш новай Беларусі, 23 жніўня / Еўрарадыё

З былымі калегамі я не маю зносін, бо не бачу ў гэтым асаблівага сэнсу. Усё-ткі нашы дарогі разышліся. У цяперашні час ва ўсяго дзейнага кіраўніцтва пазіцыя, што мы — здраднікі. Я чалавек канкрэтны: не магу — і вашым і нашым. А так у мяне ўсё выдатна, не лічачы доўгу за дзяржнавучанне. Цяпер ідзе суд, там пазоў на 12 тысяч рублёў. Засталося з ім разабрацца. Але я ні пра што не шкадую. 
 

Віктар: "Казалі, што людзі, якія выходзяць, ледзь не тэрарысты"

Я працаваў у Дэпартаменце аховы, займаўся аховай амбасад і консульстваў. У разгонах не ўдзельнічаў, але мець нават ускоснае дачыненне да бяспраўных дзеянняў сілавікоў жадання не было.

Мы ўсе ведаем, што адбывалася. Асабіста мяне больш за ўсё шакавала тое, што людзі з сілавых структур здольныя на такую жорсткасць. Я нават уявіць не мог, што ў нас працуюць людзі, здольныя так абыходзіцца з грамадзянамі — прымяняць сілу, зброю! Нас жа саміх вучылі, што па правілах зброя прымяняецца толькі ў самым крайнім выпадку. А тут чалавек слова сказаў, і вось ужо хтосьці хапаецца за зброю. Гэта было відаць і на відэа, і ўсюды. Усёдаступнасць і ўсёдазволенасць супрацоўнікам ОУС — вось што страшна.  

Ці праводзілася ў нас нейкая ідэалагічная работа? Так, але на вельмі банальным узроўні. Работа, на якую павядзецца чалавек, у якога няма свайго меркавання і погляду на рэчы. Які слухае, што ўліваюць у вушы. Казалі, што ў краіне — беспарадкі, а людзі, якія выходзяць, ледзь не тэрарысты. Што яны хочуць зрынуць уладу і гэтага нельга дапусціць. Маўляў, пратэсты не мірныя.

Біць не агітавалі. Акуратна выпрацоўвалі стаўленне: мы робім правільна, а пратэстоўцы — не. І няважна, што робяць пратэстоўцы.

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков
Затрыманне Ніны Багінскай на жаночым маршы / Еўрарадыё

Я зразумеў, што маё меркаванне наконт таго, што адбываецца ў краіне, разыходзіцца з меркаваннем кіраўніцтва, таму напісаў заяву і ў лістападзе сышоў. Рэакцыя ўнутры была рознай: ад "колькі людзей, столькі і меркаванняў" да пэўнай, не ярка выяўленай пагарды. Моцна ніхто не ціснуў.

Наогул, з лета, хоць мы, дзякуй богу, і не бралі ўдзелу ў задушэнні мітынгаў, у нас звольнілася шмат людзей у параўнанні са звычайным часам.

У твар здраднікамі ніхто не называў, але ведаю, што за спінай так адгукаліся. "Перакінуліся", "глядзіце, з кім служыце (сябруеце)", "як можна давяраць такому чалавеку, лічыць яго напарнікам, калі ён перайшоў на іншы бок?" — вось такія хадзілі размовы. Але ці так гэта важна? Мае сябры зразумелі, чаму я так паступіў. Ніякіх асуджэнняў або негатыву ў сваім асяроддзі я не адчуў.

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков
Ачапленне каля стэлы "Мінск — горад герой" у дзень нараджэння Аляксандра Лукашэнкі / Еўрарадыё

Працу знайшоў за два месяцы. Па спецыяльнасці, у банку. Займаюся прасоўваннем лічбавых каналаў. Заробак пакуль трохі вышэйшы, чым раней, але тут ёсць перспектыва росту. На старой працы яе не было. Так што я рады, што сышоў. Усё складваецца добра.

Некаторыя людзі кажуць, што баяцца сыходзіць з сілавых структур, напрыклад праз страх пераследу. Так можна баяцца ўсё жыццё і сядзець на адным месцы. Я асабіста ні з чым падобным не сутыкаўся. Калі б нават ведаў, што мяне гэта чакае, усё роўна прытрымліваўся б свайго меркавання і сваіх планаў. Не заставаўся б проста праз страх.

 

Барыс: "Даводзілася быць сведкам таго, як б'юць"

У цёмныя будні мінулага паглыбляцца не хацелася б. Нас адпраўлялі на разгоны пратэстаў, але, як кажуць, як выконвалі — так і не выконвалі. Я асабіста нічога не рабіў: сілы не прымяняў, нікога сам не разганяў. Проста, паназіраўшы за тым, што адбываецца ўнутры, зразумеў, што больш прысутнічаць у гэтай сістэме не хачу нават блізка. 

Даводзілася быць сведкам таго, як б'юць пратэстоўцаў. Гэта былі людзі з розных падраздзяленняў. Я не разумеў, што адбываецца ў іх галовах. Што ім унушалі? Хто нашпігоўваў? Што яны чыталі ці, наадварот, не чыталі? Вось нібыта чалавек спакойны ўсё жыццё быў, і раптам такая агрэсія...

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков
Супрацоўніца АМАП у ачапленні / Еўрарадыё

Я не ведаю, як гэтаму навучаюць. Можа быць, адзін нешта скажа — пяцёра, у каго няма свайго кругагляду, павераць. Напэўна, гэтым усё і абмяжоўвалася. Я не чуў пра нейкія курсы замбавання. Думаю, усё залежыць ад узроўню развіцця чалавека.

Ад таго, што адбывалася, варта было сыходзіць. Некаторыя калегі пайшлі пісаць заявы. Я таксама вырашыў падаць рапарт. Ці было страшна? Хутчэй — прыкра за змарнаваны на гэту сістэму час. Бо можна было знайсці сябе ў іншай сферы, дасягнуць поспеху. А так... Калі чалавек жыве сумленна, баяцца няма чаго.

  

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков
Міліцыянер на акцыі салідарнасці ў Мінску / Еўрарадыё

Пайшоў да кіраўніцтва, растлумачыў. Проста расказаў, што ўбачыў і што далей не хачу ў гэтым удзельнічаць. Усе мы выдатна памятаем фатаграфіі са збітымі людзьмі, а па тэлевізары казалі — гэта не сінякі, а фарба. Ну калі хтосьці так малюе, пра што можна гаварыць?

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков
Беларуска выйшла на плошчу ў Мінску, каб спытаць у сілавікоў, за што б'юць людзей / Еўрарадыё

Мне сказалі — ідзі працуй далей, а мы на працягу месяца разгледзім. Мяне гэта не задаволіла. Тады мне сказалі, калі на працягу трох гадзін не прыйдзеш на працу, звольнім за прагул. Я адказаў — засякайце час. 12 жніўня я сышоў з сілавых структур. Паколькі дамовіцца па пагадненні бакоў не атрымалася, мне прыйшлося вяртаць грошы па кантракце. Вярнуў каля пяці тысяч. Гэта былі мае сабраныя грошы. Мне ніхто не дапамагаў. Усё, што было, — усё маё.

Мяне часта пытаюцца, як адрэагавалі навакольныя. Ведаеце, столькі людзей, колькі патэлефанавала з віншаваннямі, часам нават не тэлефануе ў дзень нараджэння. Мяне так ніколі не падтрымлівалі: казалі, што ўсё зрабіў правільна, што я малайчына.

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков
На маршы ў Мінску / Еўрарадыё

Цяпер у мяне ўсё нармальна, праходжу стажыроўку ў IT-канторы. Так, давялося пачынаць з нуля, але пакрысе ўсё асвойваю. Пакуль заробак не атрымліваю, але ў меншы бок ён дакладна не зменіцца.
 

Як у 30-я гады

Еўрарадыё паспрабавала пагаварыць і з іншымі былымі сілавікамі. Але яны нам адмаўлялі нават у ананімных гутарках, спасылаючыся альбо на "добрыя адносіны з ранейшым кіраўніцтвам, якія не хочацца псаваць", альбо на страх пераследу.

"Калі захочуць, могуць прычапіцца да чаго заўгодна, — расказвае адзін з суразмоўнікаў. — Ведаю, што выходзілі на блізкіх сваякоў. Прыходзілі нават на працу і паведамлялі, маўляў, сын вашага падначаленага — здраднік радзімы, такі работнік вам не патрэбны. Карацей, усе нясуць адно за аднаго адказнасць, як у 30-я гады".

“Не могу и вашим и нашим”: как сложилась жизнь уволившихся силовиков

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі