"Не бачу сэнсу працаваць за 2 мільёны". Навошта беспрацоўныя ідуць у дэпутаты

"Не бачу сэнсу працаваць за 2 мільёны". Навошта беспрацоўныя ідуць у дэпутаты

11 верасня ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Пакуль улады рапартуюць пра поспехі ў барацьбе з беспрацоўем, некаторыя беспрацоўныя вырашылі ўздзейнічаць на праблему самі і спрабуюць стаць дэпутатамі. Еўрарадыё паразмаўляла з пяццю з іх пра тое, ці не перашкодзіць адсутнасць пастаяннай працы ў агітацыі выбаршчыкаў.

 

Аляксандр Таўстыка, Купалаўская акруга №95, Мінск, партыя БНФ, 41 год

"Каб займацца актыўнай дзейнасцю, грамадскай і палітычнай, трэба быць беспрацоўным. Гэта вымушана, часова. Бо калі, напрыклад, яшчэ быць індывідуальным прадпрымальнікам, то будуць праверкі, кантроль пэўны. Ты на круку. Немагчыма паспяваць усё. Будуць карныя мерапрыемствы. Але як скончацца выбары, то, вядома, нешта буду думаць, шукаць працу. Альбо стану дэпутатам парламента, альбо нешта яшчэ будзе.

Што людзі думаюць, калі бачаць, што я часова беспрацоўны? Шмат у нас цяпер часова беспрацоўных. Думаю, нейкіх абразаў з боку звычайных грамадзян, выбаршчыкаў, не будзе.

Падатак на дармаедства я плаціць не буду. Бо я зарэгістраваны ў сельскай мясцовасці, у Мядзельскім раёне. Там, калі маеш сваю гаспадарку, падатак не трэба плаціць".

"Не бачу сэнсу працаваць за 2 мільёны". Навошта беспрацоўныя ідуць у дэпутаты

Таццяна Гендэль, Брэсцкая-Усходняя акруга №3, партыя БНФ, 28 гадоў

"Чаму я беспрацоўная? Так атрымалася. Я з бацькамі жыву, гародніна ў нас тут. Неабходнасці працаваць у мяне няма. Я ўвогуле не працавала. Недзе гадоў дзесяць таму крыху толькі. Ці гэта мне перашкодзіць у агітацыі? Усё ж у нас міфы і звычкі, што ты вось павінен працаваць. Бо ў нас народ нейкі яшчэ нееўрапейскі. Таму я б сказала, што маё беспрацоўе — больш негатыўны момант для выбарчай кампаніі. Гэта будзе мінусам.

Падатак на дармаедства? Мне плаціць не трэба. Я за мяжой знаходжуся больш чым паўгода і не падпадаю пад яго. Мне ёсць як адмовіцца ад яго выплаты".

 

Уладзімір Кацора, Гомельская-Сельская акруга №32, сябра АГП, 59 гадоў

"Калі мы на трох пікетах стаялі месяц, то ў мяне ў даведцы для людзей было напісана, што я сямейны фермер, а для дзяржавы — дармаед. Гэтым я хацеў паказаць сваім выбарцам, што я адзін з іх. У нас тут гомельскі завод "Сельмаш", усіх скарачаюць.

Гэта вымушана. Я страціў працу ў 2001 годзе, калі ўлады скасавалі наша грамадскае аб'яднанне "Грамадзянскія ініцыятывы". Мы тады падаткі плацілі, валюту ўсю дзяржаве прадавалі... З таго часу я не працую. Судзіўся з дзяржавай у Камітэце ААН па правах чалавека. Яны прызналі, што нашу арганізацыю ліквідавалі незаконна.

Я грамадскай дзейнасцю займаюся. Часу працаваць за два мільёны ў мяне няма. Я ўсё жыццё грамадскай дзейнасцю займаюся. Спачатку камітэт камсамола на Гамсельмашы, потым партыйны камітэт, потым апазіцыя. Я ўвесь час з людзьмі працаваў, з 1981 года. Больш нічога не ўмею.

Ці перашкодзіць мне як кандыдату тое, што я беспрацоўны? У нас выбараў няма... Думаю, гэта не перашкода. У нашай акрузе мінімум кожны другі — супрацоўнік "Сельмаша". Яны альбо ўжо не працуюць, альбо іх хутка звольняць. Таму я наўмысна зрабіў так, што я дармаед. Падатак заплачу, калі прымусяць. З дзяржавай цяжка змагацца. Судзіцца буду, як праз суды вымусяць заплаціць, то заплачу".

"Не бачу сэнсу працаваць за 2 мільёны". Навошта беспрацоўныя ідуць у дэпутаты

Аляксандр Канькоў, 27 гадоў, Віцебска-Чкалаўская акруга №18, беспартыйны

"Я як бы не зусім беспрацоўны. Я маю свой адукацыйны праект у інтэрнэце. Рыхтую там вучняў да паступлення ў ВНУ. Проста на дадзены момант гэта праект не фінансавы. Ён у будучыні стане такім. Таму сказаць, што я беспрацоўны, не зусім правільна. Гэта для ўладаў я беспрацоўны. А так я рэпетытар па хіміі. Чаму на выбары іду? Хачу змяніць краіну да лепшага. Народ цяпер не верыць апазіцыі і не верыць уладам. У мяне банальнае жаданне змяніць краіну да лепшага.

Ці не перашкодзіць мне статус беспрацоўнага? Людзі ў нас увогуле не вераць у выбары. Калі я збіраў подпісы, сам размаўляў з людзьмі, яны мне гаварылі, што не вераць у цяперашнюю мадэль. Большасць. Пра дырэктараў заводаў і прадстаўнікоў улады, якія ідуць на выбары, яны не ведаюць нічога, акрамя прозвішча. Можна і пра мяне так сказаць. Але я не звязаны з нейкай сілай і насамрэч прыношу карысць пэўнай частцы насельніцтва. Кіраўнік завода таксама не ўсім карысць прыносіць. А я таксама прыношу карысць. Ёсць канкрэтныя людзі, для якіх я зрабіў нешта добрае".

 

Аляксандр Кузняцоў, 36 гадоў, Віцебская-чыгуначная акруга, партыя БНФ

"Тут усё разам склалася. І цяжка з працай, і кажуць, што ад БНФ ім работнікі непатрэбныя. Ці дапаможа мне падчас кампаніі статус беспрацоўнага? Тут хто як зразумее. З людзьмі трэба размаўляць. Гаварыць, што мая палітычная актыўнасць перашкаджае знайсці працу.

Закон аб дармаедах мяне пакуль не закрануў. Я стаю на ўліку ў службе занятасці. У мяне шмат дзяцей, старэйшая дачка — інвалід. Здаецца, яго дзеянне мяне не закранае".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі