Не аддаў крэдыты? Не паедзеш за мяжу!

У Беларусі ўжо зарэгістраваныя даччыныя кампаніі расійскіх калектарскіх агенцтваў, што прафесійна займаюцца спагнаннем грошай за праблемныя крэдыты За два месяцы 2009 года запазычанасць па банкаўскіх крэдытах узрасла ўдвая! Сёння агульная сума складае каля 180 мільярдаў рублёў — пра гэта Еўрарадыё паведаміла аналітык партала www.infobank.by Кацярына Смірнова. Пры гэтым Нацбанк яшчэ не апублікаваў дакладных дадзеных за сакавік:

Кацярына Смірнова: “У банкаў, якія спецыялізуюцца на банкаўскай розніцы, запазычанасць зараз будзе большая”.

Загадчык упраўлення рознічных паслуг Белаграпрамбанка Аляксандр Філіповіч пацвярджае: запазычанасць па крэдытах расце даволі хутка.

Аляксандр Філіповіч: “Аб’ём запазычанасці расце і на 1 красавіка 2009 года па нашым банку склаў ужо 1 мільярд рублёў”.

На пачатку году гэтая сума была ўдвая менш.

Паводле слоў банкіра, змяніўся “партрэт рызыкоўнага крэдытаатрымальніка”. Раней праблемы з выплатай крэдыту былі ў прадпрымальнікаў. Зараз дадаліся працаўнікі заводаў і дзяржаўных прадпрыемстваў.

Між тым, даўжніка могуць нават не выпусціць за мяжу:

Аляксандр Філіповіч: “Наяўнасць абавязкаў чалавека па судовых рашэннях можа быць падставай для рашэння аб забароне выезду за мяжу”.

Як паведамілі Еўрарадыё ў Прыорбанку, працэдура вяртання грошай ва ўсіх банках аднолькавая.

Супрацоўніца Прыорбанку: “Ёсць пэўная працэдура, якую ўстанавіў Нацбанк”.

Спачатку ідзе так званая дасудовая праца з крэдытаатрымальнікам. Банк нагадвае, што крэдыт трэба пагасіць: звоніць, шле эсэмэскі, мэйлы, заказныя лісты. Гэты перыяд цягнецца ад 30 да 60 дзён.

Пасля справа трапляе ў суд. Там адказвае не толькі крэдытаатрымальнік, але і яго паручыцелі. Пры гэтым даўжнік павінен заплаціць дадатковую суму, якая набяжыць за час адтэрміноўкі. Да таго ж ён — у “чорным спісе” крэдытнага бюро Нацбанка і ў будучыні можа не атрымаць крэдыт.

Пакуль праблемнымі кліентамі ў банках займаюцца спецыяльныя аддзелы. Але, як даведалася Еўрарадыё, у Беларусі ўжо зарэгістраваныя даччыныя кампаніі расійскіх калектарскіх агенцтваў. Гэта спецыяльныя ўстановы, якія прафесійна займаюцца спагнаннем праблемных грошай.

Аляксандр Філіповіч: “У Беларусі ўжо зарэгістраваныя кампаніі, якія з’яўляюцца даччынымі кампаніямі расійскіх калектарскіх агенцтваў. Але яны зарэгістраваныя як агенцтвы, якія аказваюць юрыдычныя паслугі”.

Калектарскае агенцтва выкупляе доўг, а потым спаганяе яго ці дамаўляецца з банкам спаганяць яго грошы за свой адсотак.

У вас ад 30 да 60 дзён, каб разлічыцца па крэдыце. Час пайшоў…


Фота — ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі